Метрабудаўнікі на гэтым тыдні поўнасцю завяршылі пракладку тунэляў на трэцяй лініі сталічнай падземкі

23 ноября 2019
Наступная станцыя "Кавальская слабада"! Метрабудаўнікі на гэтым тыдні поўнасцю завяршылі пракладку тунэляў на новай, трэцяй, лініі сталічнай падземкі - ад "Вакзальнай" да "Кавальскай cлабады". Сёння тунэлепраходчы комплекс "Алеся" выйшаў на паверхню з пад-зямлі. Момант урачысты і відовішчны. 

Агульная даўжыня перагону 1270 метраў. Яго прайшлі без асаблівых геалагічных праблем, у тым ліку і дзякуючы мадэрнізацыі комплексу - яго абсталявалі новымі канструкцыямі для падземных работ. Пробны пуск першага электрацягніка праз новыя станцыі запланаваны на студзень. А вясной другая і трэцяя лініі злучацца. Для гэтага спатрэбіцца на некалькі дзён спыніць рух цягнікоў паміж станцыямі "Фрунзенская" і "Каменная Горка". 

У найбліжэйшы час "Алесю" дэманціруюць і адправяць на новае месца. Гэта станцыя метро "Аэрадромная". Адтуль машына стартуе ў бок вуліцы Каржанеўскага. Самі ж чатыры новыя станцыі трэцяй лініі сталічнай падземкі - а гэта "Вакзальная", "Юбілейная плошча", "Кавальская слабада" і "Плошча Францішка Багушэвіча" адкрыюць летам наступнага года.