Малы і сярэдні бізнес Мінскай вобласці папаўняецца новымі паспяховымі прадпрыемствамі

4 июня 2014
Больш за тры сотні новых рабочых месцаў з'явіліся ў Заслаўі. Там адкрылася фабрыка па вырабе бялізны і трыкатажу. Усяго ж у цэнтральным рэгіёне сорак прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, на якіх працу знайшлі амаль дзевяць тысяч чалавек, большасць з якіх жанчыны. Стварыць для іх камфортныя ўмовы працы і забяспечыць сацыяльныя гарантыі - галоўныя задачы працадаўцаў.

Надзея Сербіненка пазнаёмілася з калектывам фабрыкі.

Створаная фабрыка па вырабе бялізны і трыкатажу вырашыла адразу некалькі пытанняў. Па-першае, гэта працаўладкаванне і стабільны заробак для трохсот жанчын - жыхарак Мінскага, Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Па-другое, рэканструкцыя эканамічна неэфектыўных гандлёвых плошчаў. Яшчэ год таму на месцы сучаснай вытворчай лініі быў састарэлы кардонны завод.

Фінансавую і кансалтынгавую падтрымку прадпрыемства атрымала ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. У выніку продаж бялізны вырас на траціну.
Жаночая праца на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці запатрабаваная. У штаце толькі гэтай фабрыкі 95% займаюць швачкі, дызайнеры-канструктары, вязальшчыцы, фармоўшчыцы. Прафесіі выключна жаночыя.

Сучаснае аўтаматызаванае абсталяванне значна спрашчае тэхналагічны працэс.
Усяго дзве жанчыны за адну працоўную змену вырабляюць каля трох тысяч пар дзіцячых шкарпэтак. Але каб яны былі прыгожымі і трымалі форму, іх патрэбна апрацаваць парай і спрасаваць.

Амаль палову рэспубліканскага рынку трыкатажных вырабаў забяспечваюць фабрыкі Мінскай вобласці. А гэта - сорак прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, на якіх працуюць дзевяць тысяч чалавек. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з замежнымі партнёрамі: толькі сёлета на экспарт паставілі прадукцыі на дванаццаць мільёнаў долараў.

Сёння эканоміка вобласці робіць стаўку на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Бо, акрамя прыбытку, невялікія прадпрыемствы даюць новыя рабочыя месцы жыхарам малых гарадоў.