Попыт, прапанаванне і закон вывучыў Аляксей Кандраценка.
На елачнай плантацыі ляснічы Соф'я Іванаўна як выхавальнік ў дзіцячым садку. Спраўляецца з нерэальнай колькасцю выхаванцаў: на 20 гектарах 70 тысяч саджанцаў.
Сафія Мяніцкая, начальнік гадавальніка Смалявіцкага лясгаса: Гэта пасяўное аддзяленне. Нашы сеянцы вырошчваюць два гады. І калі яны падраслі, пачынаецца перасадка ў школьнае аддзяленне, для таго каб развівалася каранёвая сістэма і ішла надземная частка.
У выніку лясныя прыгажуні здаюць выпускны экзамен зусім юнымі. З моманту пошуку патрэбных шышак, апрацоўкі насення, сяўбы і падкормкі праходзіць 7-8 гадоў. Пры гэтым усё робіцца без шкоды прыродзе.
Эксклюзіўны варыянт для тых, хто жадае падоўжыць навагодні настрой - елка ў кадцы. Жывое дрэва, вядома, прыйдзецца даглядаць. Затое колькі радасці прынясе дома або ў офісе лясная прыгажуня!
Купляць яловыя можна і ў лясгасах. Цэны тут, як гаворыцца, ад вытворцы - ніжэйшыя за гарадскія.
Дзмітрый Грыцкевіч, вядучы інжынер Смалявіцкага лясгаса: Можна прыйсці ў лясніцтва, там большы выбар, чым на кірмашы. Каштуе дрэва да метра 40 тысяч, ад метра да двух - 60 тысяч, ад двух да трох метраў - 90 тысяч рублёў. Гэта значна танней, чым у горадзе. Калі чалавеку хочацца самому выбраць дрэва, ляснічы паедзе з ім на месца нарыхтоўкі, там ён сам можа высекчы тое дрэва, якое яму спадабалася.
За аматарамі самім пагаспадарыць у лесе будуць пільна сачыць супрацоўнікі лясгасаў сумесна з ДАІ. Іх пасты па ўсёй краіне ўзмоцняць з сённяшняга дня.
Навошта рызыкаваць, калі цэны на дрэвы зусім не калючыя? Пераканацца ў гэтым можна будзе ўжо 23 снежня, калі кірмашы пачнуць масавы гандаль.