Дваццаць сем мінчан у красавіку прынеслі крывасмокаў у Гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі на даследаванне. Эпідэміёлагі сцвярджаюць, што панікаваць пакуль рана, але раяць абараняцца ад укусаў кляшчоў.
Наталля Кезік даведалася ў медыкаў, як засцерагчы сябе ад клешчавых атак, інфекцый і хваробы Лайма. Па прагнозах сіноптыкаў, пачатак мая парадуе мінчан летнімі тэмпературамі паветра. А значыць разам з сонцам май прынясе і сезоннае прабуджэнне кляшчоў. Але і гэтай халоднай вясной насякомыя ўжо паспелі нашкодзіць – дваццаць сем мінчан вымушаны былі звярнуцца па дапамогу да медыкаў. Кляшчы, як і ўсе крывасмокі, ідуць на пах чалавечай крыві. Таму, калі насякомае ўсё ж такі ўкусіла і засталося пад скурай, варта як мага хутчэй дастаць яго. Так змяншаецца верагоднасць захварэць на клешчавы энцэфаліт і іншыя інфекцыі. Альбо звярнуцца па дапамогу ў бальніцу да ўрача-інфекцыяніста. А насякомае трэба абавязкова прывезці на даследаванне. Любімыя мясціны паразітаў – лясныя масівы з высокай травой і кустоўем. Кляшчам не даспадобы скошаная трава і яркія сонечныя промні. Таму ў межах горада, як правіла, падчапіць крывасмока немагчыма - санітарныя службы на працягу ўсяго сезона сочаць, каб месцы адпачынку мінчан заўсёды былі ў парадку. Спалохаць паразітаў могуць і так званыя рэпеленты – лекавыя спрэі, якія абараняюць чалавека ад насякомых. Іх да сезона ў сталічныя аптэкі завезлі ў неабходнай колькасці. Але самы надзейны спосаб засцерагчыся ад крывапіўцаў – максімальна закрыць цела адзеннем. І перыядычна аглядаць яго, бо, каб упіцца ў цела, кляшчу патрэбен час.