Мастацкія калектывы выступаюць на сцэне зоны гасціннасці з паўдня і да апошняга гледача

23 мая 2014
Культурная праграма на чэмпіянаце свету па хакеі не менш насычаная, чым спартыўная.

Наш карэспандэнт Надзея Сербіненка зараз знаходзіцца каля Палаца спорту.

У гэтыя хвіліны на сцэне - канцэртны аркестр Няміга. Музыканты радуюць гледачоў сучаснымі і вядомымі кампазіцыямі. Але ўжо менш чым праз гадзіну на пляцоўку выйдуць калектывы з рэтрапраграмай. Здаецца, што аматарам музыкі - балельшчыкам і гараджанам - такая праграма прыйшлася даспадобы.

Зона гасціннасці каля Палаца спорту - самая вялікая і самая папулярная пляцоўка ў горадзе. На плошчы ў 13 тысяч квадратных метраў каля 2 тысяч пасадачных месцаў і вялікая танцавальная пляцоўка.

Мастацкія калектывы выступаюць на сцэне зоны гасціннасці з паўдня і да апошняга гледача, якія разыходзяцца толькі пасля 2 гадзін ночы.


На працягу сутак публіка каля сцэны таксама мяняецца. Усё залежыць ад раскладу хакейных матчаў і рэжыму дня балельшчыкаў. У зоне гасціннасці фанатаў шмат заўсёды - і пасля перамог, і пасля паражэнняў любімых каманд. Музыка - найлепшы натхняльнік і антыдэпрэсант.

Канцэртныя аркестры, дыджэі, фолк-гурты, кавер-бэнды і шоу-балеты Беларусі, Польшчы, Швецыі, Італіі, Францыі і Германіі выступаюць на адной сцэне, бесперапынна змяняючы адзін аднаго.

А ўжо заўтра стартуе праект, які паспелі палюбіць мінчане і госці сталіцы. Апошні джазавы вечар пачнецца а восьмай гадзіне. Музыканты з Польшчы і Вялікабрытаніі выступяць на адной сцэне з беларускімі артыстамі. Таму заўтра запрашаю ўсіх сюды, у зону гасціннасці.


Адзначым, за 14 дзён працы зоны гасціннасці на сцэне каля Палаца спорту выступіла больш за сто артыстаў розных жанраў і ўзростаў.