Карагоды вакол ёлкі і падарункі ад Дзеда Мароза

14 декабря 2013

Карагоды вакол ёлкі і падарункі ад Дзеда Мароза ўжо хутка ва ўсіх установах сталіцы і рэгіёну. А пакуль карпатлівая падрыхтоўка. Навагоднія ўпрыгажэнні і паштоўкі з уласнымі пажаданнямі - вось чым заклапочаны выхаванцы дзіцячага дома-інтэрната ў Івянцы. У прадчуванні агульнага свята нават разблытваць гірлянды і мішуру разам прыемна. Да агульнай справы далучылася і Аляксандра Драгун.


Тут хлопчыкі вышываюць, а дзяўчаты аздабляюць карціны з дрэва. Без прымусу дзеці ў Івянецкім доме-інтэрнаце могуць сядзець за партамі гадзінамі. Вынік сваёй працы бачаць. Усё, што на сценах і ў холе - справа іх рук. Цяпер рыхтуюць крэатыўныя ўпрыгажэнні для зімовых свят.


Прытулак і шчырую любоў тут знайшлі дзеці, пазбаўленыя бацькоўскай апекі. Усяго амаль 80 хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй рэспублікі. На тое, што маюць фізічныя абмежаванні, не звяртаюць увагі. Атрымліваюць адукацыю, рыхтуюцца да самастойнага жыцця і папраўляюць здароўе.


Распрацоўваюць і новыя праекты. Дарэчы, не толькі для дзяцей-інвалідаў, але і іх сем'яў. Сацыяльная перадышка - пілотная праграма. Амаль месяц дзеці з фізічнымі асаблівасцямі знаходзяцца ў інтэрнаце. За гэты час бацькі вырашаюць свае бытавыя пытанні.


Акрамя традыцыйнай медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі практыкуюць і сучасную. Напрыклад, іпатэрапію ці рэабілітацыю праз верхавую язду і зносіны з жывёламі. Таму любімыя поні, коні і алені сапраўдныя лекары для дзяцей.


Выкарыстоўваюць таксама і арт-тэрапію. Праз малюнкі, спевы і вершы перадаюць свае перажыванні і змагаюцца з маркотай.


Напярэдадні навагодніх свят дзеці завяршаюць апошнюю падрыхтоўку. Выразаюць сняжынкі, рыхтуюць гірлянды, ёлачныя цацкі і паштоўкі з уласнымі пажаданнямі.