Экалогія, сучасныя гаджэты і нават недастатковы рацыён могуць стаць прычынай пагаршэння зроку. Сёння альтэрнатывай акулярам і лінзам з'яўляюцца аперацыі па лазернай карэкцыі. Новыя методыкі вяртаюць вастрыню зроку амаль адразу, аперацыя доўжыцца не больш за 15 хвілін. Якія гарантыі даюць сталічныя цэнтры мікрахірургіі вока і як хутка людзі пачынаюць бачыць зноў? У актуальным для сябе пытанні разбіралася Марына Мураўёва.
Вось такім бачыць наваколле чалавек са слабым зрокам. Дарэчы, першая аперацыя па лазернай карэкцыі ў нашай краіне была зроблена 16 гадоў таму. Сёння такія аперацыі запатрабаваныя і праводзяцца амаль штодзень. Але ёсць і тыя, каму лазерную карэкцыю рабіць забаронена. Найперш дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, хворым на катаракту або глаўкому.
Ірына Абуховіч, урач-афтальмахірург Цэнтра мікрахірургіі вока г. Мінска: Супрацьпаказаннем адносным з'яўляецца ўзрост, блізарукасць, якая прагрэсіруе. Існуе абсалютнае супрацьпаказанне - запаленчае захворванне вачэй, дыстрафічныя хваробы вачэй.
Першапачаткова праводзіцца поўнае дыягнастычнае абследаванне зроку. Цягнецца яно каля 2 гадзін. І па яго выніках доктар прымае канчатковае рашэнне.
Аперацыя па лазернай карэкцыі зроку доўжыцца 10-15 хвілін. Праз паўгадзіны ў сонечных акулярах пацыент вяртаецца дадому. На наступны дзень - абавязковы кантрольны агляд афтальмолага ў цэнтры.
Разам з новым зрокам пацыент атрымлівае бальнічны лісток на 5 дзён і пэўныя гарантыі.
Дыягностыка ў сталічных цэнтрах мікрахірургіі вока каштуе 350 тысяч рублёў. Для пенсіянераў - амаль на сотню менш. Што тычыцца самой аперацыі, сума залежыць ад методыкі. Мінімальны кошт за адно вока - 2 мільёны рублёў, максімальны - амаль 5 з паловай.
Лазерную карэкцыю зроку Аляксандра зрабіла 3 месяцы таму. З 11-ці гадоў дзяўчына насіла лінзы. Зрэдку - акуляры. Блізарукасць ператварыла жаданне бачыць у мару. У 26 гадоў яна здзейснілася. Дзяўчына прызнаецца, што перад аперацыяй не спала ўсю ноч.
Аляксандра Касарына, пацыентка Цэнтра мікрахірургіі вока г. Мінска: Пасля аперацыі, зразумела, цяжкавата было. Пешы дзень наогул як у тумане. Нічога практычна не бачыла. Стала бачыць толькі на 3-4 дзень. Потым з кожным днём усё лепш і лепш.
Пасляаперацыйнае абслугоўванне доўжыцца на працягу 3 месяцаў. Бо зрок не ва ўсіх выпадках вяртаецца імгненна. Часам на гэта патрэбны не адзін месяц.














