Інтэграванае навучанне для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі

11 февраля 2014
У кожнай другой сярэдняй школе ёсць так званыя інтэграваныя класы. У іх побач са звычайнымі школьнікамі займаюцца і дзеці-інваліды. Зараз у такіх класах навучаецца больш за 1200 школьнікаў. Яшчэ некалькі гадоў таму такія выпадкі былі адзінкавымі. Таксама ў кожным раёне існуе як мінімум па адным апорным дзіцячым садку і сярэдняй школе, дзе створана безбар'ернае асяроддзе для дзяцей-калясачнікаў.

Наш карэспандэнт Надзея Сербіненка пабывала на занятках з настаўнікам-дэфектолагам.

Парушэнне слыху, апорна-рухальнага апарату, ДЦП. Гэтыя дыягназы не перашкода для атрымання адукацыі. Інтэграваныя класы ствараюцца ў сталічных школах дзеля таго, каб дапамагчы дзецям з фізічнымі абмежаваннямі.

У сталічную школу № 9 з усёй Малінаўкі бацькі прывозяць сваіх дзяцей на заняткі.
У школах з інтэграваным навучаннем існуюць так званыя кабінеты настаўнікаў-дэфектолагаў. Тут створаны невялічкі свет дзяцінства: з цацкамі і яркімі фарбамі. Усё для таго, каб школьнікі змаглі адчуць сябе проста дзецьмі.

Практыка інтэграваных класаў тут прыжылася з моманту заснавання. Трэцякласнік Рома выдатна валодае табліцай множання, а маленькая Аня з задавальненнем расказвае пра сваю чарапашку.

Дарэчы, у інтэграваных класах на занятках выкладаюць адразу два педагогі. Адзін працуе з усім класам, а настаўнік-дэфектолаг дапамагае дзецям з асаблівасцямі засвоіць матэрыял.
З Максімам на занятках адаптыўнай фізічнай культуры педагог займаецца адзін на адзін. Такі фармат дапамагае дзецям цалкам разняволіцца, а настаўнікам - знайсці індывідуальны падыход да вучня.

У кожнай другой сярэдняй школе сталіцы створаны інтэграваныя класы. Сёння ў іх навучаецца больш за 1200 школьнікаў. А яшчэ 5 гадоў таму такія выпадкі былі адзінкавыя.