Губернатар Барыс Батура наведаў кандытарскую фабрыку ў Капылі

17 июля 2013
Праграма па стварэнні новых прадпрыемстваў у кожным раёне Мінскай вобласці дае станоўчыя вынікі. Гэта працоўныя месцы, добрыя заробкі. Пра гэта сёння заявіў губернатар Барыс Батура падчас наведвання кандытарскай фабрыкі ў Капылі. Працоўны дзень кіраўніка рэгіёну прадоўжыўся на прыёме грамадзян.

З падрабязнасцямі Аляксей Кандраценка.

Праца ў кандытарскім цэху - няйначай, як салодкае жыццё. Камфортныя ўмовы, сярэдняя зарплата - 5 мільёнаў рублёў. Праўда, да гэтага ўзроўню ішлі 7 гадоў.

Прадукцыя прадпрыемства - печыва і пернікі. Усяго 12 відаў. За змену тут выпускаюць 2 тоны прысмакаў. Рынкі збыту - уся Беларусь, у перспектыве суседнія краіны.

Барыс Батура, старшыня Мінскага аблвыканкама: На дадзеным прадпрыемстве - гэта тое, што трэба. 50 рабочых. Выпрацоўка за год на аднаго рабочага - 60 000 долараў. І бачныя далейшыя перспектывы. Мы прынялі рашэнне даць гаспадару дадатковыя плошчы для таго, каб ён развіваўся.

А вось жыццё ў суседніх з прадпрыемствам дамах дольчэ віта не назавеш. У добрае надвор'е адразу і не зразумееш, што на гэтай вуліцы адбываецца штосьці надзвычайнае. Але падчас дажджу тут сапраўдны патоп. Старая каналізацыя не прапускае вялікую колькасць вады.

У выніку водаадводы не спраўляюцца з нагрузкай. Жыць пасля паводак і ліўняў прыходзіцца, як на балоце.

Дэбаты ў Капыльскім выканкаме, і губернатар выносіць вердыкт - усё выправіць у кароткія тэрміны. Людзі такое становішча цярпець не могуць.

Сітуацыю з няспраўным водаадводам тут жа ўзялося выправіць ЖКГ.

Усяго па дапамогу да кіраўніка вобласці прыйшло каля 20 чалавек. Большасць пытанняў - а гэта рамонт і добраўпарадкаванне жылля - вырашылася з ходу. Астатнія мясцовыя органы ўлады бяруць пад свой кантроль і паведамяць аб іх вырашэнні найбліжэйшым часам.