Ева Шыкуць 40 гадоў навучае дзетак у пачатковай школе

6 октября 2013
Віншаванні з прафесійным святам сёння прымае і настаўніца пачатковых класаў 12-й сталічнай гімназіі. Больш за 30 гадоў працы ў школе Ева Казіміраўна Шыкуць не толькі дае сваім вучням трывалыя веды і належнае выхаванне, але і шчыра адорвае клопатам і любоўю. Настаўніца выхавала цэлыя дынастыі. Былыя выпускнікі ахвотна вядуць да першай настаўніцы сваіх дачок і сыноў.

Пра педагагічную чуласць і адданасць, якая звязвае і выхоўвае пакаленні, - Аляксандра Драгун.

Ева Казіміраўна Шыкуць 40 гадоў навучае дзетак у пачатковай школе. Няхай з новымі вучнямі знаёмая крыху больш за месяц, змагла знайсці патрэбныя ноткі.

Лепш пазнаць адзін аднаго дапамагаюць сумесныя паходы ў тэатры і музеі, прагулкі па горадзе і паездкі на прыроду. Для культурнай праграмы заўсёды знаходзяць час. Таму і навучальны працэс праходзіць з імпэтам і цікавасцю.

У гімназіі імя настаўніцы вядомае. Сярод калег і вучняў - павага і прызнанне. Не адзін год да Евы Казіміраўны вучыцца прыводзяць сваіх дзяцей былыя выпускнікі.

Выпускнікі разам са сваёй першай настаўніцай узгадваюць кур'ёзныя выпадкі свайго школьнага жыцця. Бацькі цешацца, што дзеткі пад надзейнай апекай. Самых дарагіх без боязі аддалі ў знаёмыя рукі.

Сёлета ў Евы Казіміраўны юбілейны, дзясяты, набор. Аб справе свайго жыцця марыла з дзяцінства. Працавала і ў старэйшай школе настаўніцай гісторыі, але нядоўга. Зноў вярнулася ў пачатковую да самых шчырых і няўрымслівых вучняў.

За партамі першакласнікі атрымліваюць не толькі веды па школьных прадметах, але і жыццёвую мудрасць. Засвойваюць парады выдатна, бо ў класе пануе сямейная атмасфера. За дабрыню і ласку сваю настаўніцу называюць маці і вітаюць апладысментамі. Кожны дзень не абыходзіцца без падарункаў, салодкіх сюрпрызаў і прамяністых усмешак.