Эстафету Зажынак распачалі паўднёвыя раёны Мінскай вобласці

16 Ліпеня 2013
Салігорск, Любань, Старыя Дарогі і, нарэшце, Слуцк. Сёння там урачыста ладзілі жніво. У гаспадарцы Вясейскі пакроў па традыцыі жнеі ўручылі камбайнерам сімвал добрага ўраджаю.

Сведкам хлебнага пачыну на Случчыне стала і Аксана Шыдлоўская.
У зажыначных вершах і спевах гучаць традыцыйныя пажаданні вялікіх намалотаў і паўнюткіх засекаў. У гаспадарцы Вясейскі пакроў своеасаблівае свята накшталт гукання вясны ладзяць штогод. Гукаюць добры ўраджай і спрыяльнае надвор'е.


Кожны камбайнерскі экіпаж атрымаў сёння вось такі першы зажыначны сноп - як абярэг і сімвал добрага ўраджаю і поўных бункераў.


Сёння тут урачыста адправілі ў поле 11 камбайнерскіх экіпажаў, 2 з іх - сямейныя.


Для Сяргея Масюкевіча сёлетнія Зажынкі - дваццаць другія. А для яго сына Вадзіма толькі першыя. Раней бацькавым памочнікам быў старэйшы сын Аляксандр, сёння ён працуе ў гэтай жа гаспадарцы галоўным інжынерам. Зараз вопыт пераймае малодшы. Любоў да зямлі і праца на сумленне для Масюкевічаў рэчы натуральныя. Яшчэ дзядуля вучыў убіраць і шанаваць хлеб.


Зерневы клін у Вясейскім пакрове - адной з вядучых гаспадарак Слуцкага раёна - складае 3 з паловай тысячы гектараў. Пшаніца, ячмень, жыта, трыцікале - высяваюць і даглядаюць многія культуры. Дарэчы, нягледзячы на адтэрміноўку пасяўной кампаніі, уборачную пачалі на тыдзень раней, чым летась. Надвор'е спрыяе.


Рапсам у гаспадарцы засеяна больш за 600 гектараў. Палова ўжо звезена на зернесушыльны комплекс. Тут жа працуе плюшчыльная машына. Яна апрацоўвае намалочанае збожжа.


230 тысяч тон разам з кукурузай на зерне. Такі дзяржзаказ плануе сёлета выканаць Слуцкі раён. Калі не нашкодзіць надвор'е, да пятніцы Зажынкі справяць усе 23 гаспадаркі Слуцкага раёна. А з такім імпэтам і да Дажынак недалёка.