Экскурсія на Мінск-Арэну

7 октября 2013
У ролі экскурсаводаў выступілі самі аўтары праекта.

Расказвае Аксана Кавальчук.

Яны яшчэ толькі плануюць стаць архітэктарамі, але ўжо маюць шмат уласных ідэй і ведаюць, як зрабіць родны Мінск яшчэ больш прыгожым.

Пра ўсё гэта і не толькі вучні 75-й сталічнай гімназіі сёння мелі магчымасць расказаць лепшым архітэктарам краіны. Прычым, не дзе-небудзь, а ў будынку, які спраектавалі гэтыя архітэктары. Незвычайную экскурсію ў Міжнародны дзень архітэктуры на Мінск-Арэне для школьнікаў правялі асабіста аўтары праекта - лаўрэаты Дзяржпрэміі.

Падчас гэтай імправізаванай экскурсіі адзін з архітэктараў прызнаўся школьнікам, што цяжкай задачай было зрабіць комплекс не толькі спартыўным. З самага пачатку планавалася, што тут будут праходзіць культурна-забаўныя мерапрыемствы. У першую чаргу канцэрты сусветных зорак.

Каб стварыць унікальны комплекс для Беларусі, архітэктарам спатрэбіліся не толькі прафесійныя веды, але таксама спартыўныя і музычныя. Нахіл велатрэка, размяшчэнне крэслаў на трыбуне і, вядома ж, добры гук для аматараў музыкі.

Валерый Куцко, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі за 2012 год, галоўны архітэктар праекта комплексу Мінск-Арэна: У круглай арэне адзін плюс: большая частка гледачоў размяшчаецца ўздоўж доўгага боку спартыўнай пляцоўкі.

Як запэўніваюць архітэктары, комплекс Мінск-Арэна стаў візітнай карткай краіны. Унікальнасць архітэктурнага збудавання ўжо ацанілі прафесіяналы з іншых краін.

Анатоль Шабалін, галоўны архітэктар інстытута Белдзяржпраекта: Па архітэктуры мяркуюць аб краіне, аб яе эканоміцы, аб яе культуры. Таму і прафесія архітэктара накладвае асаблівую адказнасць.

Больш за гадзіну цікавых аповедаў і размоў пра Мінск-Арэну і пра архітэктуру краіны наогул. Ужо пасля аўтары праекта прызналіся: у ролі экскурсаводаў выступілі упершыню. Аднак з усмешкай дадалі: калі спатрэбіцца, гатовыя незвычайную экскурсію паўтарыць. Школьнікі тут жа ідэю падтрымалі.