Пастаноўка святочнага спектакля вялася з пачатку восені - шыліся касцюмы, рыхтаваліся складаныя дэкарацыі, праходзілі рэпытыцыі вакальных і харэаграфічных партый. На сцэне задзейнічана каля сотні артыстаў як прафесійных тэатраў, так і дзіцячых калектываў. Дарэчы, сёлетні навагодні мюзікл пастаўлены на аснове народнай казкі Па шчупаковай волі. У чароўным сюжэце Ямеля прымусіў вёдры танцаваць, печку ездзіць, ператварыў шчупака ў прыгожую дзяўчыну і ажаніўся з ёй! Побач з ім на сцэне знаёмыя персанажы казак, мультфільмаў і кінастужак - Кікімара Балотная, Баба Яга, Царэўна і, зразумела, цэнтральная асоба - Дзед Мароз.
Галоўная ёлка краіны будзе ззяць нават у выхадныя дні і завершыцца толькі 6 студзеня. Тым, хто набыў білет, раім прыйсці раней за заяўлены час. У праграме не толькі паказ спектакля, але і дыскатэка. Казачныя героі рыхтуюць для гасцей сапраўдны харэаграфічны марафон.