Да галоўнай спартыўнай падзеі крыху больш чым паўгода

30 октября 2013

14 новых гатэляў увядуць у сталіцы да пачатку чэмпіянату свету па хакеі. Аб гэтым нам сёння паведамілі на аператыўным штабе па падрыхтоўцы да галоўнай спартыўнай падзеі года. Акрамя гасцініц, кафэ, рэстаранаў, рыхтуюцца і іншыя службы. Як будзе працаваць грамадскі транспарт, дзе размесцяцца асноўныя фан-зоны і чым будуць забаўляць турыстаў у перапынках паміж матчамі - ведае Антаніна Станкевіч.


Дзе размясціць гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату свету па хакеі - за гэта галава ў кіраўнікоў горада не баліць. Ужо існуючыя гасцініцы гатовыя прыняць усіх ахвочых. Акрамя таго, яшчэ 14 гатэляў рознай ступені зорнасці ўвядуць у эксплуатацыю да канца года. Больш актуальнае пытанне - хто і як будзе працаваць у новых гатэлях. Для вырашэння гэтай праблемы есць шэраг варыянтаў.


Тэхнічны персанал і замежных журналістаў плануюць размясціць у гасцініцы Беларусь, якая зараз знаходзіцца на рэканструкцыі. Адкрыць яе не пазней за 25 лютага - такое даручэнне даў мэр горада Мікалай Ладуцька.


Транспартнікі таксама рыхтуюцца да наплыву гасцей. Каля 150 адзінак дадатковага транспарту развязуць балельшчыкаў ад вакзалаў, аэрапорта і гасцініц прама да месцаў правядзення хакейных матчаў. Каб турысты не мелі праблем з аплатай - праязны білет уключаны ў турпакет.


Рыхтуюцца і галоўныя лядовыя арэны горада. Зараз самае актуальнае пытанне - адкрыць нарэшце Чыжоўка-Арэну.


У перапынках паміж матчамі турыстаў чакае разнастайная забаўляльная праграма. Асноўныя фан-зоны размесцяцца ля Палаца спорту, Лядовага палаца на Прытыцкага і студэнцкай вёсцы. У цэнтры горада свае творчыя вынаходніцтвы прадэманструюць музыканты, артысты і мастакі. Побач з мастацтвам сваё месца зоймуць і высокія тэхналогіі.


Да галоўнай спартыўнай падзеі застаецца крыху больш чым паўгода. Гэта няшмат, але час на падрыхтоўку яшчэ ёсць. Тым больш што заданне для ўсіх гарадскіх службаў зразумелае - усё павінна быць на выдатна.