Да вялікага навагодняга балю застаецца два тыдні

26 декабря 2013

Да вялікага навагодняга балю застаецца літаральна два тыдні і ўсяго 3 рэпетыцыі. Амаль усе пастановачныя танцы пакарыліся мінчанам - засталося толькі падправіць некаторыя дробязі. Самы час паклапаціцца пра касцюмы, і не толькі прыгожаму полу, але і кавалерам. Дарэчы, нюансаў хапае і для мужчынскага ўбрання. Якіх? Даведалася Антаніна Станкевіч.



З жаночым дрэс-кодам усё больш-менш зразумела, хоць і строга: толькі сукенка, толькі да падлогі і толькі балёвы варыянт. Мужчыны ж могуць дазволіць сабе і сучасны класічны касцюм. Іна і Аляксей так і зрабілі: набылі звычайную двойку ў магазіне. Але ўпрыгожылі некаторымі дэталямі.


Але ўсё ж такі пажадана, каб мужчыны апраналі фракі. Гэты ўбор больш адпавядае атмасферы баляў XVIII-XIX стагоддзяў. Набыць такі касцюм у сталіцы можна, напрыклад, у пунктах пракату. Але спецыялісты, якія не раз прымалі ўдзел, раяць апрануць яго некалькі разоў да балю, каб прызвычаіцца.


Прасцей за ўсё курсантам ваеннай акадэміі. Ім адпаведны касцюм шукаць не трэба. Ды і самі хлопцы прызнаюцца: ваенная форма іх упрыгожвае не горш за самы модны фрак.


Але галоўнае не столькі форма, хоць яе ніхто не адмяняе і не адмаўляе, а змест. А тут арганізатары абяцаюць, што ўсё будзе на вышэйшым узроўні: толькі класічная балёвая музыка і толькі старадаўнія танцы. Каб нішто не парушыла атмасферы сапраўднага балю мінулых часоў.