Да 15 жніўня ўсе сталічныя ўстановы адукацыі павінны быць агароджаны

22 июля 2013
Зараз будаўнічыя работы вядуцца амаль на 150-ці аб'ектах. У тэрмін абавязаны ўкласціся, далажыў сёння на аператыўным пасяджэнні ў мэрыі старшыня камітэта па адукацыі. Якія меры бяспекі прадпрымаюцца ў школах напярэдадні новага навучальнага года?

Падрабязнасці ў Антаніны Станкевіч.

Усталяваць агароджу ля ўсіх сталічных устаноў адукацыі да 15 жніўня - такая задача стаіць напярэдадні новага навучальнага года. На ўсё выдзелілі каля 100 мільярдаў рублёў. Далей на чарзе сістэмы відэаназірання там, дзе іх пакуль няма.

Як нам паведамілі спецыялісты, агароджы ўсталёўваюць не для таго, каб на тэрыторыю школ ніхто не трапіў. Тым больш што звычайна на стадыёнах займаюцца фізкультурай і жыхары суседніх дамоў. Ноччу, вядома ж, каліткі будуць зачыненыя. А вось да 23:00 усіх аматараў здаровага ладу жыцця ніхто са стадыёнаў не прагоніць.

Яшчэ адзін дэдлайн у метрабудаўнікоў. Сёлета на дапамогу ім выйшлі каля 50-ці студэнтаў БНТУ. Дарэчы, хлопцы працуюць не толькі падсобнымі рабочымі. Яны амаль паўнавартасныя будаўнікі, паколькі навучаюцца на адпаведнай спецыяльнасці.

Укласціся ў тэрмін будатрады ў сталіцы дапамагаюць і на іншых знакавых для горада аб'ектах. Гэта і аквапарк, і студэнцкая вёска, і Чыжоўка-Арэна і новыя гатэлі. Працоўны семестр працягнецца да 1 кастрычніка.