Ва Усіхсвяцкім храме ладзілі свята для шматдзетных сем'яў. Ушаноўвалі найперш матуль, бо трэці паслявелікодны тыдзень у праваслаўным календары прысвечаны менавіта жонкам-міраносіцам. Дарэчы, у сталіцы зараз пражывае амаль 9 тысяч шматдзетных сем'яў. Дванаццаці з іх пашчасціла трапіць на свята ў сталічны прыход у гонар Усіх Святых. Надзея Сербіненка паназірала за цёплай сустрэчай.
Трэці тыдзень пасля Вялікадня ў Праваслаўнай царкве праходзіць у гонар святых жонак-міраносіц. Менавіта таму ва Усіхсвяцкім прыходзе сталіцы існуе добрая традыцыя запрашаць у гэты час на свята шматдзетныя сем'і. Настаяцель храма сустракаў матуль асабіста - з кветкамі і ўсмешкай.
Дванаццаць шматдзетных сем'яў з Першамайскага і Савецкага раёнаў сталіцы сабраліся разам. Дзякуючы неабыякавым сэрцам гэтых бацькоў сям'ю, а разам з ёй любоў і падтрымку знайшлі 40 дзетак.
За музычнае афармленне дзіцячага свята адказвалі таксама дзеці. Сваё мілагучнае прывітанне прапанавалі прадстаўнікі ўзорнага хору Тоніка.
Ля Ўсіхсвяцкага храма была арганізаваная і гульнявая пляцоўка. Праводзіліся майстар-класы па жывапісе, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і пісанках.
Абавязковы атрыбут Велікоднага свята - гэта майстраванне тысячы папяровых жураўлікаў. Гірлянды з рознакаляровых птушак будуць упрыгожваць палаты дзіцячага анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах.
Такую дабрачынную акцыю ладзяць студэнты Лінгвістычнага ўніверсітэта не ўпершыню. Дарэчы, гісторыя тысячы папяровых жураўлікаў вельмі сімвалічная.
Велікодныя дні асабліва шчодрыя на міласэрнасць і дабрыню, бо свята Уваскрэсення натхняе на добрыя ўчынкі, праяўленне клопату і ўвагі.














