Чатыры кінатэатры Мінскай вобласці пяройдуць на лічбу

26 сентября 2014
У Дзяржынску, Мар'інай Горцы, Валожыне і Вілейцы сёлета з'явіцца абсталяванне 2D і 3D. З 17-ці кінатэатраў сталічнага рэгіёна пакуль толькі 7 паказваюць аб'ёмныя выявы на экранах. Сочаць і за станам будынкаў. У Вілейцы кінатэатр поўнасцю абнавілі. Зрабілі залы больш камфортнымі, а дызайн - сучасным.

Аляксандра Драгун ацаніла ўмовы.

Дадатковы сеанс толькі для аднаго класа! У кінатэатры Мір, што ў Вілейцы, знаёмяць вучняў з кінапрэм'ерамі не на лекцыях, а ў зале павышанай камфортнасці. Сёння пашанцавала 10 класу з 3-яй сярэдняй школы.

Сапраўды, паўгода таму кінатэатр кардынальна перамяніўся - ад падлогі да столі. Гэтая vip-зала для трох дзясяткаў гледачоў - 3 канапы і 27 камфортных крэслаў.

Нягледзячы на тое што фільмы ў кінатэатры паказваюць на DVD, выява ад гэтага не становіцца горшай. Адзіны мінус - прэм'еры, якія бачаць, скажам, мінчане, да Вілейкі даходзяць значна пазней. Але гэта пытанне вырашылі.

А гэта другая зала. Разлічаная яна на 152 месцы. Тут памянялі ацяпленне і электраправодку, а таксама ўсталявалі перламутравы экран, які робіць выяву больш яркай і насычанай.
Наконт камфорту гледачоў паклапаціліся і ў фае. Холы сталі больш светлымі, інтэр'ер сучасным. Прастору выкарыстоўваюць нават для выстаў. На сценах - экраны з трансляцыяй кінанавінак.

У кінатэатры працуе аўтаматызаваная сістэма продажу квіткоў. На экране фіксуецца колькасць свабодных і занятых месцаў у дзвюх залах, а таксама рэпертуар на сёння. Забраніраваць квіток можна і па тэлефоне. Сеанс для дзяцей каштуе 15 тысяч рублёў, для дарослых - 35.

Прапануюць і 5D атракцыён з аб'ёмнай выявай і спецэфектамі. Глядач у такім кінатэатры можа плаваць у моры, ехаць на байках, адчувае на сабе стыхію. Прычэп з 5D абсталяваннем калясіць па Мінскай вобласці.

Сёлета чатыры кінатэатры ў сталічным рэгіёне пяройдуць на лічбу. Фільмы ў фармаце 2D і 3D убачаць жыхары Дзяржынска, Мар'інай Горкі, Валожына і Вілейкі.