Бюджэт Мінска складзе каля 30 трыльёнаў

24 декабря 2013
Ён захавае сацыяльную накіраванасць. Перш за ўсё гэта адчуюць работнікі бюджэтнай сферы - медыкі і педагогі. На працягу года за кошт сталічнай казны ім павялічаць даплаты і памеры тарыфных ставак. Значная частка бюджэтных сродкаў пойдзе на развіццё інфраструктурных аб'ектаў. У наступным годзе ў сталіцы плануецца пабудаваць новыя дзіцячыя садкі, школы і паліклінікі.

Рэпартаж Наталлі Кузьміцкай.

На мінулым тыдні дэпутаты адобрылі агульны рэспубліканскі бюджэт на 2014 год, а ўчора дэпутаты Мінгарсавета дэталёва абмеркавалі і галоўны фінансавы дакумент, які ляжа ў аснову развіцця сталіцы на наступны год.

Васіль Панасюк, старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў: Бюджэт збалансаваны, гарманічны і ў поўным аб'ёме дае магчымасць забяспечыць функцыянаванне ўсіх галін і сфер дзейнасці горада Мінска.

Амаль 13 трыльёнаў будзе накіравана на сацыяльную сферу, 5,6 - на ахову здароўя і каля 3 - на развіццё транспартнай сістэмы. Бюджэт горада разлічылі бездэфіцытным, чакаецца, што даходы супадуць з выдаткамі.

Ігар Русакевіч, старшыня Пастаяннай камісіі савета па эканамічным развіцці, фінансах і бюджэце: Бюджэт на наступны год крыху перавышае 30 трыльёнаў беларускіх рублёў. Як і раней паступленні ў бюджэт - гэта пэўная доля падаткаў. Частка плацяжоў ідзе ў рэспубліканскі бюджэт, частка пераразмяркоўваецца ў мясцовы.

Выдзеліць частку сродкаў з гарадской казны плануецца і на павелічэнне заробкаў бюджэтнікам, у першую чаргу работнікам адукацыі і аховы здароўя, бо толькі сёлета Мінск прырос больш як на 16 тысяч жыхароў, і нагрузка на работнікаў гэтых сфер значна павялічылася.

Віктар Сірэнка, старшыня камітэта па ахове здароўя Мінскага гарвыканкама: На сённяшні дзень колькасць зваротаў у паліклінікі ў параўнанні з мінулым годам вырасла на 3,5%. Мы прагназуем павелічэнне ў наступным годзе.

З павелічэннем колькасці гарадскога насельніцтва ў новым бюджэце закладзена і далейшае інфраструктурнае развіццё горада. У дадатак да будаўніцтва жылых квадратаў у Мінску з'явяцца новыя паліклінікі, дзіцячыя сады і школы.