Вялікаму тэатру - вялікая энцыклапедыя

24 октября 2013

Тэатр оперы і балета Беларусі напярэдадні атрымання ўласнага кніжнага брэнда. Васьмідзесяцігадовую гісторыю нацыянальнага балетнага і опернага мастацтва тут вырашана змясціць у адзін асобны том. Ідэю, якую тэатр выношваў некалькі гадоў, падтрымала выдавецтва Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. Пілотнае выданне ўжо гатовае.


Яго ўбачыла Наталля Бардзілоўская. Архіў опернага - равеснік самога тэатра. З першага дня існавання ўстановы тут збіраюць кожную афішу, праграмку, газетныя выразкі. Праца па зборы і захаванні дакументаў працягвалася нават у гады вайны. На сённяшні дзень назапашана каля 80 тысяч адзінак такіх інфармацыйных матэрыялаў, большая частка з якіх фотаздымкі.


Нарэшце, праца тэатральных архівістаў стане відавочнай, а рэдкія дакументы пакінуць паліцы шафаў і ўбачаць свет. Да 80-годдзя тэатра ў Вялікім вырашылі выдаць асабістую энцыклапедыю.


Каля 2000 фотаздымкаў, 600 артыкулаў, асобна - інфармацыя пра народных і заслужаных артыстаў СССР і Беларусі, пра ўсе прэм'еры і буйныя праекты. Уся гісторыя Вялікага тэатра ад А да Я ў даволі важкім, на 685 старонак, томе вялікай энцыклапедыі.


Гэта - пілотны варыянт. Арыгінальнае выданне ўбачыць свет у снежні. Праект ажыццяўляе выдавецтва Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі.


На пачатку лістапада кніга пойдзе ў друк. Тыраж - некалькі тысяч экзэмпляраў.