Больш за паўсотні мерапрыемстваў падрыхтавалі гарадскія ўлады да Дня Перамогі

6 мая 2013

Канцэрты, мітынгі, шэсці, спартыўныя спаборніцтвы пройдуць як на цэнтральных пляцоўках так і ва ўсіх раёнах сталіцы. Камунальнікі таксама падрыхтаваліся да свята, але па-свойму -  паспелі навесці парадак у горадзе. Антаніна Станкевіч прадоўжыць тэму.


 


Генеральная ўборка закончана – час падводзіць вынікі. І сапраўды, за месяц зроблена нямала. Больш за 15 тысяч гектараў паркаў, сквераў, вуліц, двароў поўнасцю ачысцілі ад смецця. Таксама адрамантавалі некалькі дзясяткаў тысяч квадратных метраў дарог, больш за 23 тысячы малых архітэктурных форм і дзіцячых пляцовак.


Але на гэтым работы па добраўпарадкаванні не закончаны. Зараз у сталіцы пачынаюцца работы па высадке кветак. Галоўныя праспекты і вуліцы возьмуць на сябе камунальнікі. А вось работы ў дварах возьмуць на сябе ЖЭСы разам з насельніцтвам. Неабходным інвентаром забяспечаць.


Напярэдадні Дня Перамогі адбудзецца традыцыйны аб’езд горада. На ім камунальнікам выставяць канчатковую адзнаку за работу. А ўжо 9 Мая можна будзе адпачыць у чыстым горадзе. Тым  больш што гарадскія ўлады падрыхтавалі больш за 60 розных мерапрыемстваў. Канцэрты, мітынгі, спартыўныя спаборніцтвы – на любы густ.


Завершацца святочныя мерапрыемствы грандыёзным салютам. Сёлета ваенныя з улікам пажаданняў мінчан змянілі некаторыя кропкі запуску залпаў.


Напрыклад, цяпер салют будуць запускаць не ля Чыжоўскага вадасховішча, а ў раёне Чыжоўскіх могілак. Новыя кропкі на карце – мікрараён Навінкі і месца за МКАД непадалёка ад вёскі Зацень. Тры кропкі – парк 50-годдзя Перамогі, аэрапорт-1 і ваенны гарадок Уручча засталіся нязменнымі. Такім чынам, у кожным раёне горада мінчане змогуць убачыць салют. Усяго ж адбудзецца 30 залпаў.