Восеньскае свята ўраджаю, альбо па-народнаму Багач, адзначаюць сёння ў цэнтры экатурызму Станькава. Песні, карагоды і, вядома ж, шчодрыя восеньскія пачастункі - арганізавана ўсё па старажытных традыцыях на сучасны лад. Многае дайшло да нас яшчэ з дахрысціянскіх часоў, у чым пераканалася наш карэспандэнт Антаніна Станкевіч.
Менавіта так і рабілі нашыя продкі кожны год 22 верасня. У дзень восеньскага раўнадзенства хадзілі ад хаты да хаты і віншавалі адзін аднаго са святам ураджаю ці, як яшчэ называюць гэты дзень, Багачом. І, вядома ж, жадалі суседзям і аднавяскоўцам дабрабыту.
Вось і сёння ў цэнтры экатурызму Станькава спроба адрадзіць далёкія традыцыі. Супрацоўнікі аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэгіёну такім чынам, з аднаго боку, адзначаюць паспяхова праведзеную ўборачную кампанію, з іншага - зрабілі незвычайны карпаратыў для сваіх супрацоўнікаў. Але ўсіх ахвотнікаў таксама запрашаюць.
Не абыходзіцца без традыцыйных народных песень і карагодаў. Праўда, сучасныя матывы адчуваюцца. Усё ж такі ХХІ стагоддзе.
Гуляць тут будуць да самага вечара. Праграма для гледачоў вельмі насычаная. Можна не толькі паназіраць і нават узяць удзел у старадаўніх абрадах, але і пакатацца на конях і нават парыбачыць. Увечары - канцэрт.














