Беларускі праграміст стварыў пошукавую сістэму патрэбных людзей

13 августа 2013
Жыхар Барысава кідае выклік вынаходнікам Facebook і Google. Праграміст Павел Шклейнік стварыў пошукавую сістэму, якая можа паспаборнічаць з сусветнымі IТ-гігантамі.

Пра перспектыўны стартап і шлях юнака да інвестараў раскажа Анастасія Багамолава.

Павел родам з Барысава. У Мінск прыехаў атрымліваць вышэйшую адукацыю. Пасля заканчэння ўніверсітэта, як і многія іншыя, тут і застаўся. Цяпер працуе праграмістам у IT-кампаніі і паралельна развівае свой праект. Сайт для пошуку патрэбных людзей.

Галоўная перавага рэсурсу - высокая ступень дэталізацыі, што дазваляе максімальна падрабязна апісаць чалавека. Ужо больш за 1000 характарыстык, якія ў хуткім часе кожны з нас зможа дадаваць сам! Плюс да ўсяго, абсалютна новы падыход да ацэньвання людзей.

Адна з функцый гэтага пошукавіка - параўнанне. Клікам мышы вы можаце параўнаць абсалютна розных людзей і атрымаць вынік. Вышэйшы ён будзе ў таго, хто разумнейшы, прыгажэйшы і вядзе здаровы лад жыцця.

За першы месяц рэкламнай кампаніі, праект наведалі карыстальнікі са 150 краін свету. Тэставая рэклама абышлася прыкладна ў 200 долараў. А першымі беларускімі карыстальнікамі сталі калегі.

Распрацоўка такіх стартапаў справа, вядома, не аднаго дня. Паводле слоў Паўла, нягледзячы на тое, што нарадзілася ідэя літаральна за 10 хвілін. На рэалізацыю задумкі спатрэбілася больш за год. Зараз галоўнае пытанне - у развіцці, а значыць, інвестыцыях.

Зараз Павел заканчвае першую ў Беларусі міжнародную школу для прадпрымальнікаў. Дарэчы, прынялі яго на стыпендыю, якая пакрыла ўсе выдаткі на навучанне (а гэта 2,5 тысячы долараў). Ужо праз 2 тыдні выпускны, на якім і адбудзецца демадэй - спецыяльная прэзентацыя. У Паўла будзе цудоўная магчымасць прадэманстраваць свой праект і знайсці інвестара, якія прыедуць да нас з Еўропы, Сярэдняй Азіі і Злучаных Штатаў.