Белкаапсаюз пашырыць спіс паслуг

15 апреля 2014
Арганізацыі Мінскага абласнога спажывецкага саюза сёлета пашыраць спіс паслуг. Зараз іх ужо больш за 60. Разам з тым расце і іх якасць. Безумоўна, з прыходам дачнага сезона асабліва будзе запатрабаваны мабільны сэрвіс і выязны гандаль. Як у сельскай мясцовасці заказаць гатовы абед дамоў, колькі каштуе колка дроў і трактар у гародзе?

Аляксей Кандраценка азнаёміўся з прэйскурантам.

Апошнія прыгатаванні і ўсе гэтыя кулінарныя вынаходкі адправяцца да адрасатаў. Абеды і святочныя стравы аператыўна даставяць па горадзе і раёне.

Вольга Бярозаўская, старшы повар рэстарана: Да нас прыходзяць людзі і заказваюць тыя стравы, якія не могуць прыгатаваць самі альбо гэта працаёмка. Гэта куры фаршыраваныя, рулеты, заліўныя.

Аператыўнасць зараз патрэбная і ў палях і агародах. Узараць і апрацаваць зямлю самастойна могуць далёка не ўсе. Без тэхнікі не абысціся. На дапамогу і тут прыходзіць раённае спажывецкае таварыства.

Малы, але спрытны! Звычайны трактар на такім агародзе нестандартны працаўнік. А вось такая тэхніка - самае то.

Увесь участак узараны за паўтары гадзіны і можна сеяць. Каштуе такая паслуга 50 тысяч рублёў за адну сотку.

У суседняй вёсцы ў гэты час спецыялісты дапамагаюць прывесці ў парадак касу.
А побач на ўсю моц ляцяць трэскі. Колка або распілоўка дроў - таксама запатрабаваная паслуга. 35-50 тысяч рублёў за кубаметр - прымальная цана.

Кацярына Гурыновіч, жыхарка г. Мар'іна Горка: Такая паслуга мне патрэбная, таму што ў нас пячное ацяпленне і двое маленькіх дзяцей. Дом трэба ў любым выпадку апальваць.

Пра ўсе мабільныя паслугі, якія прапануе Пухавіцкае раённае спажывецкае таварыства, як правіла, даведваюцца з газет. Мясцовыя прэса, радыё, а таксама магазіны - крыніца інфармацыі аб разнастайных паслугах.

Сёння арганізацыі спажывецкага саюза Мінскай вобласці аказваюць больш за паўсотню паслуг.

Таццяна Салтановіч, прэс-сакратар Белкаапсаюза: Распрацаваная галіновая праграма развіцця спажыўкааперацыі. У ёй прадугледжана развіццё сферы паслуг на 2014 год. Так, у кожным раённым спажывецкім таварыстве павінна быць не менш за 14 відаў паслуг у залежнасці ад попыту.

Не за гарамі і сезон збору ўраджаю і нарыхтоўкі лясных дароў. А гэта значыць пачынаецца гарачая пара для ўсёй спажыўкааперацыі.