Архітэктурны крэатыў павярнуўся сур'ёзным парушэннем закона

17 мая 2013

У вёсцы Лапаравічы Мінскага раёна архітэктурны крэатыў павярнуўся сур'ёзным парушэннем закона. З лёгкай рукі гаспадара берагавая лінія ператварылася ў канал, што вядзе ад Мінскага мора практычна да ўваходу яшчэ недабудаванага дома. Пры гэтым на генплане ні самога будынка, ні воднай магістралі няма.


 


Расказвае Таццяна Кашпур. На самым піку сезона браканьераў абаронцы флоры і фаўны праводзілі рэйд на Мінскім моры. Але замест рыбакоў-нелегалаў выявілі парушэнне, якое зусім не паддаецца тлумачэнню. Бераг вадасховішча каля вёскі Лапаравічы нечакана пайшоў углыб на некалькі дзесяткаў метраў да  катэджа, які будуецца.


Сяргей Адамейка, намеснік начальніка Мінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету:  Быў выяўлены  факт уварвання ў берагавую лінію, у прыбярэжную паласу Заслаўскага вадасховішча. Гэты канал прарыты неабгрунтавана. Выпадак даволі неардынарны, таму зараз мы будзем праводзіць  разбор.


Праявіць крэатыў і забяспечыць сабе асабісты доступ да вады вырашыла гаспадыня двух зямельных участкаў, на адным з якіх стаіць дом. Жанчына падавала заяву на будаўніцтва і на другім участку, але сутыкнулася з нечаканымі складанасцямі.


Андрэй Мацкевіч, намеснік старшыні Папярнянскага сельскага выканаўчага камітэта: Сельскі выканкам разгледзеў  гэтую заяву і  палічыў немэтазгодным будаўніцтва ў гэтай зоне, паколькі гэта прыбярэжная зона.


А вось аб пераносе воднай мяжы не было і гаворкі. Заслаўскае вадасховішча - вельмі далікатная экасістэма. З-за няправільна выкапанага ложа яшчэ ў 50-х гадах у вадзе збіраліся таксіны і гінула рыба. Зараз мікраклімат палепшыўся, але любое ўмяшанне чалавека можа прывесці да незваротных наступстваў.


Абаронцам флоры і фаўны разам з нашай здымачнай групай удалося звязацца з гаспадыняй зямлі па тэлефоне. З дакументамі на будаўніцтва жанчыну чакаюць у Дзяржаўнай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага  і расліннага  свету.


Парушэнне сапраўды выключнае. А, значыць, і разбор  па гэтай справе таксама будзе складаным. У любым выпадку віноўніку прыйдзецца заплаціць вялікі штраф, знесці за свой кошт незаконныя пабудовы і пад пільным кантролем абаронцаў флоры і фаўны прывесці бераг у  першапачатковы  выгляд.