Антысанітарыя ў пад'ездзе не знікае

2 сентября 2014

Непрыбраны падъезд, пацукі ў сметніках і забіты смеццеправод. У такіх умовах жывуць мінчане аднаго з дамоў у Маскоўскім раёне сталіцы. Штодня яны звяртаюцца са скаргамі ў мясцовы ЖЭС, але антысанітарыя ў пад'ездзе не знікае. І толькі для аб'ектыва камеры нашай здымачнай групы чысціня з'явілася на адзін дзень.


Падрабязнасці ў сюжэце Марыны Мураўёвай.


І сапраўды, да прыезду нашай здымачнай групы ў пад'ездзе ўмоўна прыбралі. Але смецце ўсё ж засталося вакол смеццеправода, на лесвіцы і ля пад'езда.


А вось гэтыя фота зробленыя на дзень раней. Смеццеправод забіты да трэцяга паверха, кучы рэкламных лістовак пад паштовымі скрынямі, а адзіны кантэйнер загружаны да верху.


Камунальны канфлікт з ЖЭСам у жыхароў дома нумар 15 па вуліцы Касманаўтаў доўжыцца не адзін месяц. Антысанітарыя на паверхах, пацукі і забіты смеццеправод - вось самыя галоўныя нараканні да эксплуатацыйных службаў.


Яшчэ 10 гадоў таму ў гэтым пад'ездзе быў узорны парадак. Смецце вывозілі штодня. Сёння ж антыпрыклад. У сваю чаргу кіраўніцтва ЖЭСа з прэтэнзіямі згоднае. Сітуацыю апраўдвае кадравым голадам.


Як высвятлілася, галоўная прычына бяздзеяння - прыбіральшчыца гэтага падъезда. На працоўным месцы жанчыну не бачылі ўжо больш за месяц. Ні жыхары, ні работадаўцы. А кучы смецця растуць, і ў пад'ездзе лепш пахнуць не стала.


Дыялог паміж двума бакамі канфлікту адбыўся на прыступках таго ж самага пад'езда. І нават дамоўленасць аб тым, каб заварыць смеццеправод, была зацверджана за дзесяць хвілін.


У сталіцы ўжо заварана больш за 370 смеццеправодаў. Але да такога рашэння прыходзяць не ўсе домаўладальнікі горада. З моманту апытання жыхароў не толькі пад'езда, але і ўсяго дома, да непасрэднага ўсталявання кантэйнернай пляцоўкі пройдзе не адзін месяц. І калі хоць адзін чалавек будзе супраць - смеццеправоды так і застануцца незаваранымі.