Аляксандр Самусеў уручную робіць валёнкі па традыцыях дрыбінскага шапавальства

11 января 2020
Чаравікі з лямцу, валёнкі альбо утульныя пухкія карціны з прыроднага матэрыялу. Нягледзячы на даволі цёплую зіму, у беларусаў толькі расце попыт на вырабы з воўны. Шапавал Аляксандр Самусеў працягвае справу свайго дзеда і ўручную робіць валёнкі па традыцыях дрыбінскага шапавальства. Заказы прымае не толькі ад спажыўцоў у Беларусі, але і ў Германіі, Канадзе і ЗША. А Ірына Калеснікава з лямцу стварае карціны: на незабыўных пейзажах белыя мядзведзі, казачныя домікі і рыжавалосыя дзяўчаты. Ва ўласнай калекцыі  каля 300 шэдэўраў. Утульны сюжэт пра цёплы творчы працэс у Наталлі Кезік. 

З прыладамі для шапавальства Аляксандр Самусеў больш за 20 гадоў. Самыя першыя ўрокі па валенні браў яшчэ ў юнацтве ў свайго дзядулі - сапраўднага дрыбінскага шапавала. Але працаваць шапавалам пачаў пазней - прыкладна 20 гадоў таму. Пад майстэрню Аляксандр абсталяваў уласны гараж. Сёлета пашырыў асартымент, акрамя класічных валёнкаў стварае майстар цяпер і больш сучасныя мадэлі. 

Сёлетняй цёплай зімой Аляксандр не застаўся без заказаў. Валёнкі ад нашчадка дрыбінскага шапавала запатрабаваны не толькі ў Беларусі, шмат пакупнікоў у Латвіі, Германіі, Канадзе і ЗША.

Акрамя валёнкаў з воўны, майстры навучыліся ствараць упрыгажэнні, цацкі і нават карціны. Каб зваляць вось такое аб’ёмнае пано, рамесніку, як і сапраўднаму мастаку, спатрэбіцца не адзін тыдзень. Ірына Калеснікава на палатне малюе лямцам больш за 10 гадоў  эпізоды казак, герояў мультфільмаў, белых мядзведзяў і рыжавалосых дзяўчынак. У якасці пэндзля выкарыстоўвае іголку, а замест  фарбаў - рознакаляровы пухкі матэрыял.

Творчы працэс даволі доўгі. Спачатку майстар стварае аснову карціны, затым на працягу некалькіх дзён іголкай выпісвае неабходныя дэталі. За 10 гадоў стварыла каля 300 карцін. Многія работы малюе серыямі  па 5-7 экзэмпляраў.  Са сваімі работамі Ірына вандруе па кірмашах у Беларусі і Прыбалтыцы. За год абавязкова збірае і некалькі персанальных выстаў. Для майстра карціны з лямцу зараз  і хобі, і праца, якая прыносіць пэўны даход.  

Сярод найбліжэйшых задум майстра па валенні Ірыны Калеснікавай - маляваць не проста серыі карцін, а сапраўдныя казкі. А шапавал Аляксандр Самусеў хутка пачне распрацоўваць дызайн новых мадэляў абутку. І кожны з іх незалежна ад надвор’я зімой у сваіх майстэрнях займаецца цёплым і ўтульным рамяством.