Афрыканскае танга і лацінаамерыканскі джаз у Мінску

27 июля 2013

Сацыяльныя танцы сальса, бачата і бугалу не патрабуюць спецыяльнай танцавальнай падрыхтоўкі і гэтым прыцягваюць мільёны аматараў па ўсім свеце.


На адной з танцавальных вечарын пабывала наш карэспандэнт Надзея Сербіненка. Іна і Павел танцуюць сальсу у пары менш за год. Яна - малады інжынер-эканаміст, ён - муляр. У кожнага свае справы, але 2 разы на тыдзень яны абуваюць танцавальныя туфлі і з галавой акунаюцца ў атмасферу лацінаамерыканскага джаза.


Магчымасць займацца сальсай у маладых людзей з'явілася дзякуючы намаганням Юліі Шостак. Палітолаг па прафесіі, 8 гадоў таму яна пайшла ў іншым кірунку: адкрыла школу сацыяльных лацінаамерыканскіх танцаў у Мінску.


Юлія пераконвае, што займацца сальсай, бачатай або мерэнге можа любы. Танцавальная падрыхтоўка, безумоўна, зробіць першыя крокі больш упэўненымі. А пры наяўнасці пачуцця рытму і ўвогуле можна лічыць сябе танцавальным профі.


У Мінску ўсё большую папулярнасць набывае яшчэ адзін незвычайны танец з афрыканскіх берагоў - кізомба. У свеце афрыканскае танга ўзнікла ў канцы 80-х, а ў Беларусі яму не споўнiлася яшчэ і трох гадоў.


Аднойчы завітаць на вечарыну сацыяльных танцаў Лацінскай Амерыкі і Афрыкі і не захапіцца гэтай культурай немагчыма. Культурай, якую ад беларусаў аддзяляюць тысячы кіламетраў.