Ў як беларускі брэнд

21 февраля 2014
Сёння ва ўсім свеце святкуюць Дзень роднай мовы. Гэту дату 15 гадоў таму зацвердзіла ЮНЕСКА з мэтай аховы культурнай разнастайнасці. Паводле ацэнак арганізацыі, з 6 тысяч існуючых гаворак прыкладна палова хутка можа страціць апошніх сваіх носьбітаў. А беларусы нават асобныя літары робяць брэндамі як, напрыклад, ў (у нескладовае). Яе робяць героем паштовак, песень, лічаць сімвалам айчыннай авангарднай культуры. Тым не менш многія памылкова лічаць у нескладовае графічным знакам выключна беларускага алфавіта.

Больш падрабязна - Іна Пілевіч.

Для заваёўвання замежнай аўдыторыі ў назву сваёй музычнай групы яны не бралі англійскіх слоў і не думалі пісацца лацініцай. Галоўным маркетынгавым ходам зрабілі моўную асаблівасць роднай гаворкі. Літара У нескладовае стала імем гурта, яго першага альбома і дэбютнай песні. І выканаўцаў заўважылі. Запрасілі выступіць на разагрэве рокераў Deep Purple. А група Браты Грым з калектывам У нескладовае запісала сумесную кампазіцыю на беларускай мове.

У нескладовае існуе толькі ў нашай мове - гэта памылка. Яна выкарыстоўваецца азіяцкімі эскімосамі, сустракаецца ў дунганскім, ніўхскім алфавітах. Хаця сярод славян мы сапраўды адзіныя карыстаемся гэтай графемай.

Літара-паразіт і літара-кур'ёз. У нескладовае, уведзеная ў наша пісьмо 124 гады таму, заўсёды мела як прыхільнікаў, так і апанентаў. Неаднаразова ставілася пытанне наконт мэтазгоднасці яе выкарыстання. У савецкі час прагрэсіўным лічылася тое пісьмо, калі не адрываецца рука. А вывесці такім чынам у нескладовае немагчыма, асаблівых намаганняў патрабуе напісанне верхняй рысачкі.

У нескладовае у цэнтры авангарда. 22-ю літару алфавіта вынеслі ў назву галерэі сучаснага мастацтва. Пачыналі з актуальных напрамкаў. Цяпер арт-пляцоўка абрасла кнігарняй, тэматычнай кавярняй, студыяй дызайнерскіх рэчаў. Словам, як карабель назавеш, так ён і паплыве…

У нескладовае як сімвал суперчалавека. Цяпер літара нашага алфавіта замест англійскай S, па аналогіі з фільмам пра супермена, упрыгожвае майкі і кофты. На погляд беларускіх дызайнераў, менавіта так выглядае сапраўдны патрыёт, супергерой, што паўсядзённа гаворыць па-беларуску.

Помнік у нескладоваму ці па-навуковаму - графеме нават ўсталявалі ў Полацку да Дня беларускай пісьменнасці, там самым падкрэслілі нашу культурную адметнасць. Аналагічных скульптур у гонар славянскай літары ў свеце толькі 2 - у нескладовае і ё ва Ульянаўску.