5 гісторыка-культурных аб'ектаў сёлета перадалі для рэстаўрацыі

23 Кастрычніка 2014
5 гісторыка-культурных аб'ектаў сёлета перадалі бізнесменам вобласці для рэстаўрацыі. Такая практыка прыватна-дзяржаўнага партнёрства набывае папулярнасць у цэнтральным рэгіёне. У выніку сядзібы, маёнткі і іншыя каштоўныя будынкі набываюць другое жыццё. Напрыклад, сядзіба Івана Каладзеева ў Барысаве. На экскурсію ў дом-музей адправілася Антаніна Станкевіч.

Велічны дом 19-га стагоддзя хаваецца за прыватнымі пабудовамі - з дарогі нават не бачна. Да прыгожай сядзібы з драўлянымі карункамі вядзе не вельмі прыемная дарога, але гарадскія ўлады абяцаюць адрамантаваць пад'язны шлях. Тым больш што наведвальнікаў хапае. Тут ладзяць імпрэзы, творчыя сустрэчы, адным словам, у сядзібе Івана Каладзеева кіпіць культурнае жыццё.
Сто гадоў таму тут жыў і працаваў знакаміты барысаўскі мецэнат, калекцыянер і краявед Іван Каладзееў. Ён збіраў артэфакты з часоў напалеонаўскай вайны, кнігі, карціны. Яго калекцыя, без перабольшвання, лічылася лепшай у Еўропе. У сядзібе, кажучы па-сучаснаму, ладзіліся тыя ж экскурсіі і навуковыя канферэнцыі. Пасля смерці мецэната калекцыю перадалі ў Маскоўскі музей, а сама сядзіба прыйшла ў заняпад.
Уладзімір Слесараў не без гонару дэманструе ўжо сваю калекцыю. Гэтым літаграфіям, прысвечаным вайне 1812 года, прыкладна па 100 гадоў. Фактычна бізнесмен вырашыў прадоўжыць справу свайго калегі з мінулага. Спачатку аднавіў сядзібу, а зараз працуе над яе культурным напаўненнем. Сёння сядзіба мае статус грамадскага цэнтра. Тут і міні-музей, і мастацкая галерэя з работамі сучасных мастакоў Барысава. Акрамя таго, тут ладзяць балі і іншыя творчыя праекты.
Такая практыка аднаўлення гістарычных аб'ектаў з дапамогай прыватнага капіталу становіцца папулярнай у вобласці. На чарзе сядзібы ва Уздзенскім, Мядзельскім і Барысаўскім раёнах. Згодна з інвестпраектамі, гістарычныя мясціны ператворацца ў аграсядзібы альбо культурныя цэнтры. Але галоўнае, яны захаваюцца.