29 сакавіка Мінск далучыцца да акцыі Гадзіна Зямлі

28 марта 2014
І калі ў вокнах і на вуліцы на некалькі хвілін знікне святло, то ход гадзіннікаў не спыніць ніводная экалагічная акцыя. Час у сталіцы адлічваюць дзясяткі цыферблатаў са стрэлкамі. Ёсць сярод іх галоўныя гарадскія, а ёсць і экзэмпляры, якія не адзін год чакаюць рамонту.

Пра самыя цікавыя гарадскія гадзіннікі - у сюжэце Наталлі Кезік.

Яны адмяраюць час без перапынку і даказваюць, што Зямля верціцца вакол сваёй восі. Маятнік Фуко ў педагагічным ўніверсітэце ўстанавілі ў 2000 годзе. У шкляной 7-метровай пірамідзе на стальным дроце падвешаны шар вагой ў 26 кілаграмаў.

Экзэмпляраў маятніка Фуко ў свеце не больш за 20. А вось гэты гадзіннік - адзіны. Яго ў 2002 годзе Мінску падарылі госці з Сендая. Зараз цыферблат паказвае мінскі і сендайскі час. І важыць такі падарунак амаль 100 кілаграмаў.

Стрэлкі гадзінніка на вежы паліграфкамбіната адпачываюць ужо даўно. Гэта адзіны гадзіннік у горадзе, які чакае сваёй рэканструкцыі. І хутка яна адбудзецца. Зменіцца не толькі механізм, але і вонкавы выгляд гадзінніка.

Цыферблат на вежы быў устаноўлены яшчэ ў мінулым стагоддзі. Гадзіннік даставілі ў Мінск з Ерэвана. Паводле эскізаў 70-ых гадоў архітэктар праекта рэканструкцыі плануе аднавіць састарэлы гадзіннік.

Але галоўным гарадскім гадзіннікам усё роўна застаецца той, што на сталічнай ратушы. Упершыню ён быў размешчаны тут у 17-м стагоддзі. Аднавілі праект у пачатку 21-га.

Галоўным гадзіннік на ратушы лічыцца таму, што ён адзіны ў горадзе з боем. Акрамя курантаў, гучыць яшчэ і Песня пра Мінск кампазітара Ігара Лучанка. Гэта адзіны механізм у горадзе, які гучна адлічвае мінчанам апошнія хвіліны старога года і апавяшчае пра новы.