28 гадоў праект Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця крочыць па краіне

24 апреля 2014
Чарнобыльскі шлях спыніўся ў Івянцы. Сёння ў пасёлку ўрачыстым гала-канцэртам завяршаць аднайменную сацыяльна-творчую праграму. 28 гадоў праект Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця крочыць па краіне. Заслужаныя музыканты і творчыя калектывы шукаюць новыя таленты ў вёсках і пасёлках Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.


За гэты час дарога жыцця працягнулася на тысячы кіламетраў. Дарэчы, адзін з праектаў праграмы прысвечаны памяці трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. 10 гадоў дзеці папаўняюць сімвалічную алею новымі дрэвамі.

Больш падрабязна - Аляксандра Драгун.

Дзесяць гадоў запар сустракаюцца на тым жа месцы і ў той жа час. Агульная вялікая справа аб'ядноўвае музыкантаў, кампазітараў, валанцёраў, грамадскіх дзеячаў і школьнікаў. Штогод збіраюцца, каб узвесці жывыя помнікі.

Для Ільі садзіць дрэвы - справа знаёмая. Некалькі гадоў таму свой уклад унёс у папаўненне гэтай алеі - тады садзіў ліпу, сёлета даручылі бярозку. Калі тут даглядаюць дрэўцы мясцовыя жыхары, то ля сваёй школы і Дома культуры ў Івянцы хлопец асабіста сочыць за парадкам.

Першыя бярозы тут пасадзілі дзеці з 28-мі раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС разам з народным артыстам Беларусі Ігарам Лучанком, музыкантамі і творчымі калектывамі. Кожны год у гаі высаджваюць новыя дрэвы. Цяпер парк не толькі сімвалічны помнік, але і мясцовая славутасць.

Кожнае дрэўца - імянное, у гонар тых дзяцей, якія заснавалі парк. Яшчэ дзесяць гадоў таму на гэтым месцы было чыстае поле - цяпер растуць бярозы, ліпы і асіны. Усяго дзве сотні маладзенькіх дрэўцаў.

Паставіць лавачкі і альтанкі ля больш дужых дрэўцаў жыхары не плануюць. Зялёны помнік імкнуцца захаваць у больш натуральным выглядзе. Таму атрымаць асалоду ад прахалоды зялёных галінак атрымаецца толькі падчас шпацыру.

Дарэчы, гэта акцыя - адзін з праектаў міжнароднай праграмы Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця. Творчы марафон разгалінаваўся на мноства сцяжынак, якія праходзяць цяпер праз 28 раёнаў Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей, а таксама Расіі. Дарогу ў жыццё такая праграма дала дзясяткам маладых талентаў.

Сёння ўрачыстым гала-канцэртам завершыцца фінал творчага марафону ў пасёлку Івянец.