135 дагавораў працоўнай адаптацыі з інвалідамі

26 ноября 2014

135 дагавораў працоўнай адаптацыі з інвалідамі заключана сёлета ў сталіцы


Сферы працаўладкавання розныя - гандаль, паслугі і вытворчасць. Для такіх спецыялістаў працоўны дзень скарочаны на гадзіну і поўны сацпакет. Чым дапамагае працоўная адаптацыя інвалідам, на якіх умовах людзі з абмежаванымі магчымасцямі працаўладкоўваюцца? Марына Мураўёва завітала на адно з такіх прадпрыемстваў.


Новы для сябе статус - інваліда 3-й групы Аляксей Падалінскі атрымаў больш за 10 гадоў таму. На працягу трох гадоў мужчына шукаў працу, але безвынікова. Знайсці заробак дапамагла праграма працоўнай адаптацыі інвалідаў. Дзякуючы ёй ужо 9 гадоў Аляксей Падалінскі працуе слесарам механазборачных работ на адным з прадпрыемстваў Мінска.


Аляксей Падалінскі, інвалід 3 групы, слесар механазборачных работ: У жыцці была такая сітуацыя, што паслізнуўся, упаў. Атрымалася, што ўдарыўся галавой, атрымаў групу. Далей ужо цяжэй было ўладкавацца на працу. На гэтай фірме бралі і здаровых, і інвалідаў. Я працаваць заўсёды гатовы.


З пачатку года ў сталіцы зарэгістравана амаль 6 соцень беспрацоўных інвалідаў. Палова з іх працаўладкавалася па размеркаванні службаў занятасці. Дагаворы аб працоўнай адаптацыі сёлета падпісалі 135 мінчан. Выбар прафесіі для іх строга адпавядае асабістай праграме рэабілітацыі.


Марына Шахловіч, намеснік начальніка аддзела ўпраўлення камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама: Інвалід пры медаглядзе атрымлівае індывідуальную праграму, якая распрацоўваецца МРЭК. Там апісаны ўмовы працы, якія яму паказаны, і тыя прафесіі, якія яму рэкамендаваны.


У адпаведнасці з гэтымі рэкамендацыямі знаходзяць працоўнае месца. І калі ёсць магчымасць - паблізу ад дома.


Сёння на 26 прадпрыемствах горада працуюць больш за 2 з паловай сотні інвалідаў. Па ўмовах працоўнай адаптацыі з імі заключаецца дагавор на год. Як паказвае практыка, больш за палову людзей з абмежаванымі магчымасцямі застаюцца на гэтых працоўных месцах. Ветэран працы - жартоўна называе сябе 30-гадовы Яўген Керсанаў. Інваліднасць 2 групы малады чалавек мае з дзяцінства. З моманту падпісання дагавора працоўнай адаптацыі на гэтым прадпрыемстве прайшло 10 гадоў. Спачатку было цяжка, але зараз пакідаць сваё працоўнае месца ён не збіраецца.


Для тых, хто мае патрэбу атрымаць новую спецыяльнасць, службы занятасці арганізуюць навучальныя курсы для інвалідаў. Дапамагаюць асвоіць прафесію кладаўшчыка, вадзіцеля пагрузчыка, сакратара. Выкладаюць і асновы прадпрымальніцкай дзейнасці. Толькі сёлета свой бізнес адкрылі некалькі мінчан з абмежаванымі магчымасцямі.