Гукі саксафона, трубы і ўдарных запаўняюць Палац дзяцей і моладзі

15 февраля 2014

Фестываль Я іграю джаз ўрачыста адкрыўся некалькі гадзін таму. Распачалась двухдзённая конкурсная праграма выступленнямі самых юных музыкантаў, узростам ад 6 да 10 гадоў. Труба, трамбон, саксафон, гітара, ударныя і фартэпіяна. Валоданне музычнымі інструментамі і ўзровень імправізацыі ацэньвае прафесійнае журы. На адкрыцці джазавага конкурсу пабывала і Надзея Сербіненка.



Ужо 18-ы раз конкурс Я іграю джаз праводзіцца ў Мінску. Сёлета распачынае конкурсную праграму Павел, юны флейтыст. Хлопчыку ўсяго 8 гадоў, ды і ў другім класе гімназіі вучыцца няпроста. Але для свайго музычнага захаплення - джаза - Паша заўсёды знаходзіць час. Дарэчы, імправізацыя - асноўны джазавы прыём - яго канёк.


Чатыры разы на тыдзень хлопчык сустракаецца са сваімі выкладчыкамі, каб удасканаліць навыкі ўладання блокфлейтай - інструментам для музыкантаў-пачаткоўцаў.


А вось Беата - сапраўдная зорачка сённяшняга фестывалю. Сямігадовая дзяўчынка выдатна спявае і іграе на фартэпіяна. А ў мінулым годзе яна заняла першае месца ў гэтым жа конкурсе.


Дарэчы, Беата да гэтага паднімалася на вялікую сцэну - удзельнічала ў пастаноўцы тэатра музкамедыі і ўразіла гледачоў сваёй харызмай і ўпэўненасцю.


Сцэнічны касцюм дзяўчынкі прываблівае позірк усіх прысутных. Дарэчы, Беата сама прыдумала дызайн свайго ўбору і не пралічылася.


Каб іграць у жанры джаза, трэба мець вялікі творчы патэнцыял і нестандартны падыход да сваіх выступленняў. Сапраўдныя прафесіяналы, музыканты, што прысвяцілі жыццё музыцы, сёння будуць ацэнваць маладых талентаў. Бо імправізацыя - гэта спантаннае, але дэталёва падрыхтаванае выступленне.


А вось 3-класніца Анастасія хоча пакарыць членаў журы не экстравагантным касцюмам, а толькі майстэрскай ігрой на фартэпіяна. З першага класа дзяўчынка ўдзельнічае ў музычных конкурсах і кожны раз здзіўляе журы.


Падтрымаць юных артыстаў сёння прыйшлі не толькі бацькі і блізкія, але і проста аматары джазавай музыкі. А ўвечары і на працягу заўтрашняга дня можна будзе атрымаць асалоду ўжо ад выступлення дарослых выканаўцаў.