Гукі легендарнай “Чароўнай флейты” вярнуліся на сцэну Вялікага

31 марта 2017

У Тэатры оперы і балета ў Мінску прайшла прэм’ера новай версіі твора Моцарта. Пастаноўку рыхтавала міжнародная трупа ў рамках Аўстрыйскага культурнага сезона. Сюжэт Вольгі Мядзведзь.

Дваццаць шэсць планаў сцэнічных дэкарацый і больш за дзве сотні касцюмаў. Нямецкі рэжысёр Ханс-Ёахім Фрай прапрацаваў кожную дэталь у мастацкім афармленні. Для такой маштабнай і тэхнічна складанай пастаноўкі Вялікі тэатр прыйшлося на тыдзень закрыць для публікі.

У прэм'еры задзейнічаны сучасныя спецэфекты: камп’ютарная графіка і розныя механізмы сцэны. Гэта дазваляе паралельна змяняць дэкарацыі, карціны і месцы дзеяння ў оперы. "Чароўная флейта" - адзін з любімых твораў нямецкага рэжысёра, аднак ставіў яго ён упершыню. Дапамагаць у аднаўленні класікі ў стылі фэнтэзі прыехала міжнародная каманда. Дырыжор і мастак – землякі Моцарта з Аўстрыі, мастак па святле - з Расіі.

Прэм'ера гэтай оперы адбылася больш за два стагоддзі таму, за дырыжорскім пультам быў сам маэстра Моцарт. Праз два месяцы кампазітара не стала. Барацьба Святла і Цемры – гэта і ёсць опера Моцарта. У яе сюжэце мноства звышнатуральных падзей, у выніку якіх, як звычайна, перамагае дабро. Сама ж чарадзейная флейта, з аднаго боку - музычны інструмент, з другога - зброя…

Для дынамікі ў сталічнай пастаноўцы скарацілі рэплікі дыялогавых вакальных партый, а вось партытура засталася некранутай. Каб злёгку асучасніць загадкавую класіку, рэжысёр чэрпаў натхненне ў сучасных кінасагах.

Двухмоўе - адна з асаблівасцяў прэм'еры. Папярэдняя версія на сцэне Вялікага ішла цалкам на рускай. У новай жа рэдакцыі, на мове арыгінала гучаць хіба толькі арыі. Дыялогі зноў пераклалі на рускую.