Залаты голас Сербіі

4 мая 2015

Легендарны госць наведаў нашу краіну. Актрыса, спявачка і рэжысёр, а таксама тэатральны сімвал Сербіі - у Мінску. На пляцоўцы музычнага тэатра Івана Жыган адаптуе сваю апошнюю працу. Паказ спектакля "Белыя жураўлі" прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі. 

На першай рэпетыцыі спектакля Юлія Лосікава.

Сербская мова на пляцоўцы Беларускага музычнага тэатра гучыць упершыню. Спектакль "Белыя жураўлі" прыехаў у Мінск з Белграда. Пастаноўка актрысы і рэжысёра Іваны Жыган закранае агульную для двух народаў трагедыю Другой сусветнай вайны. Сёння першая агульная рэпетыцыя. Заўтра - прэм'ера для беларускага гледача.

Івана Жыган, рэжысёр-пастаноўшчык (Сербія): "Гэта выйшла два гады таму. Сцэнарый, ідэя, склеіліся ў мне ўсе гэтыя песні ў адну ваенную гісторыю, як лібрэта".

Усяго на пляцоўцы 150 чалавек, з іх - толькі 3 дзясяткі з Сербіі, астатнія - беларускія студэнты. Адаптаваць пастаноўку на пляцоўцы мінскага музтэатра рэжысёр Івана Жыган пачала завочна. За месяц да прэм'еры выслала відэаматэрыялы і тэксты песень галоўнаму партнёру - харэаграфічнай кафедры Універсітэта культуры.

Маштабны драматычны спектакль з аб'ёмнай харэаграфіяй. Студэнты сталічных ВНУ падрыхтавалі пластычныя і танцавальныя нумары - ад народных да сучасных.

3 рэпетыцыі на дзень, паміж якімі рэжысёр паспела правесці і афіцыйную сустрэчу. Як пасланец сваёй краіны Івана пабывала ў Міністэрстве культуры, на сустрэчы абмяркоўваліся культурныя камунікацыі дзвюх краін. Творчую прафесію для ўдзелу ў спектаклі асвойвалі і студэнты зусім нятворчых спецыяльнасцяў - навучэнцы ваеннай кафедры Радыётэхнічнага ўніверсітэта. Іх гэтак жа, як і будучых прафесіяналаў разміналі ў танцкласах Універсітэта культуры.

Адну з галоўных роляў у пастаноўцы выконвае сама рэжысёр. З Белграда яна прывезла сербскія народныя касцюмы і дакументальную ваенную хроніку. Іх гледачы ўбачаць на трох вялікіх відэаэкранах.

Феномен - за такі кароткі тэрмін збіраецца маштабная прэм'ера. Менш як месяц артысты вывучалі харэаграфію, а рэпетыцыі з рэжысёрам змясціліся ў некалькі дзён.