Золата маладзёжных Еўрапейскіх Дэльфійскіх гульняў

22 мая 2014
Нароўні са спартыўнымі спаборніцтвамі чэмпіянату свету па хакеі беларускія маладыя таленты спаборнічаюць і ў галіне мастацтва. Так, з першых адкрытых маладзёжных Еўрапейскіх Дэльфійскіх гульняў, што праходзілі ў расійскім Валгаградзе, нашы беларускія хлопцы прывезлі 11 медалёў і 4 спецыяльныя дыпломы. Золата ў беларуса Паўла Пятрова. Дзе спявае, вучыцца і працуе малады тэнар, вырашыла даведацца Ларыса Гулякевіч.

Вакальныя партыі ў оперы Яўген Анегін Чайкоўскага для маладых выканаўцаў - магчымасць раскрыць і паказаць свой талент. Сам кампазітар Пётр Ільіч Чайкоўскі лічыў, што ў гэтым творы павінны быць не зоркі прыдворных тэатраў, а маладыя выканаўцы - аднагодкі пушкінскіх герояў.
Вялікі тэатр Беларусі дае шанцы маладым спевакам. Партыя Ленскага - гэта, вядома, вялізны аванс для студэнта Паўла Пятрова. Але ён даказаў свой прафесіяналізм на міжнародных вакальных конкурсах.
Павел яшчэ студэнт трэцяга курса Беларускай акадэміі музыкі. Але ён ужо ў опернай камандзе Вялікага тэатра.


Зусім нядаўна Павел Пятроў вярнуўся з Валгаграда з залатым медалём. Гэта былі першыя адкрытыя маладзёжныя Еўрапейскія Дэльфійскія гульні, намінацыя Акадэмічныя спевы. За гэтую перамогу Павел будзе заахвочаны Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. А яшчэ месяц таму Павел стаў лаўрэатам і ўладальнікам спецыяльнага прыза За лепшае выкананне твора Станіслава Манюшкі. Тут таксама прыйшлося даказваць сваё ўменне сярод канкурэнтаў з розных краін свету.
Гэта не адзіныя перамогі маладога тэнара ў міжнародных вакальных спаборніцтвах. Летась ён стаў лаўрэатам Варшаўскага конкурсу імя Манюшкі і атрымаў першую прэмію ў Кішынёве. Наперадзе ў Паўла яшчэ вучоба ў акадэміі, а ў Вялікім - вакальныя партыі Альфрэда з Травіяты, маладога цыгана ў оперы Рахманінава Алека.