Знакамітыя слуцкія паясы часова вярнуліся на радзіму

3 мая 2013
Шэдэўры ткацтва на цэлы год прыбылі ў Мінск са збораў Львова. Рэліквію беларускага народа прадэманструюць ужо ў панядзелак у Нацыянальным мастацкім музеі. Сёння наш канал атрымаў эксклюзіўнае права - здымкі мантажу выставы. Якая тэмпература і вільготнасць дапушчальная пры экспанаванні слуцкіх паясоў?


Расказвае Іна Пілевіч: Шэдэўры ткацтва канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя. Каштоўнасць для ўсіх, хто быў з намі ў этнічных межах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. У тым ліку і Украіна. Слуцкія паясы са збору Львоўскага гістарычнага музея прыбылі ў Мінск яшчэ на мінулым тыдні. Але распакоўваць каштоўны груз пачалі толькі сёння. Згодна з правіламі транспарціроўкі, экспанатам далі некалькі дзён на акліматызацыю.
“В граде Слуцке”. Два паясы з такой меткай і прыбылі з Львова.
З пышнай аблямоўкай, раслінным арнаментам. Нагадаем, паясы ніколі не паўтараюцца. Яшчэ адзін шэдэўр зроблены ў Кракаве. Паходжанне чацвёртага пояса не высветлена. Тэарэтычна яго маглі выткаць у любым пункце Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Бо насіць паясы было настолькі статусна, што такія мануфактуры з захаваннем таварнага знака адкрывалі нават у Францыі. Дарэчы, на цяжкай вытворчасці працавалі выключна мужчыны.
Умовы экспанавання прапісаны да дробязяў. Тканыя рарытэты змесцяць у спецыяльную вітрыну. Тэмпература 18 градусаў, вільготнасць 55%. Элемент мужчынскага касцюма выставяць у партрэтнай галерэі Радзівілаў, якія ў свой час адной лініяй пайшлі ва Украіну. Менавіта прадстаўнікі роду і наладзілі вытворчасць слуцкіх паясоў на манер персідскіх. Сатканыя з шоўку, сярэбраных і залатых нітак, іх з часам сталі падробліваць па ўсёй Еўропе. Слуцкія паясы нават пераплаўлялі на каштоўныя металы.
Апроч паясоў, са збораў музеяў Украіны ўпершыню даставілі 61 гістарычны партрэт. Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Сангушкі. Усе знаёмыя персоны па агульнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Толькі з гадамі ў даследчыкаў ужо суверэнных дзяржаў з’яўляюцца свае версіі іх паходжання. Цяпер у нас з’явілася магчымасць іх супаставіць.
У фондах Нацыянальнага мастацкага музея не захавалася ніводнага цэлага слуцкага пояса, толькі фрагменты. 32 шэдэўры ткацтва зніклі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Усяго ж на сёння ў Беларусі знаходзіцца 11 аўтэнтычных слуцкіх паясоў.