Знакамітыя джаз-музыканты стварылі ў Мінску феерыю гуку

1 февраля 2018

Легендарны Рой Янг з вялікім стажам выканання джаза, блюза і соўла ўпершыню выйшаў на сцэну з маладой спявачкай Шолай Адзізай Фарар. Іх манера выканання зусім розная. У яго - класічная – нью-арлеанская. Яна спявае ў сучасным стылі і сумяшчае афрабіт, соўл, фанк. За далікатным працэсам стварэння мастацтва назірала Ларыса Гулякевіч.

Моманты рэпетыцыі. Да канцэрта паўтары гадзіны. Музыканты настройваюць інструменты. Ля раяля два вакалісты - маладыя людзі з ЗША. Легенду - 72-гадовага Роя Янга - адразу не пазнаць! Выглядае на палову маладзей. Сакрэт - джаз.

Джаз называюць музыкай без сцэнарыя. Аднак удалую імправізацыю могуць зрабіць толькі таленавітыя прафесіяналы. Легендарная зорка джаза - Рой Янг - у Мінску. Ён выступае на рытм-энд-блюзавых хвалях у сонечным гучанні нью-арлеанскага джаза.

За 55 гадоў кар'еры Рой Янг даў каля 10 тысяч канцэртаў. Ён выступаў на адной сцэне з такімі джазавымі зоркамі, як Рэй Чарльз, Джэймс Браўн і Чак Бэры, Даян Рыўз и American big band, прымаў удзел у міжнародных джазавых і блюз-фестывалях на ўсіх кантынентах.

Яго творчасць – нью-арлеанскі класічны джаз.

А вось Шола Адзіза Фарар у Беларусі першы раз і яе джаз зусім іншы. Крытыкі называюць яе ўзыходзячай зоркай каліфарнійскага джаза, які спалучае розныя сучасныя стылі – такія, як свінг і афрабіт, фанк, R&B, соўл і госпел.

На беларускай сцэне адбылася прэм'ера дуэта Роя Янга і Шолы Адзізы Фарар - такіх розных у сваёй манеры выканання і аднолькавых у сваёй вернасці джазу.

Джазавыя зоркі выступалі ў суправаджэнні салістаў Санкт-Пецярбургскай джазавай філармоніі і расійскага саксафаніста Дзмітрыя Папова. Джазавы сезон будзе праходзіць кожны месяц у Палацы прафсаюзаў.