Змітрака Бядулю перапахаваюць у Мінску. Прах пісьменніка даставілі ў Беларусь

27 февраля 2020
Па жаданні і з дазволу родных беларускага класіка швейцарскі фонд Марыі Магдалены Радзівіл правёў эксгумацыю астанкаў і прывёз іх  з Казахстана. Менавіта там у 1941 годзе ў эвакуацыі памёр Бядуля. Пытаннямі перапахавання займаліся на працягу чатырох месяцаў. Напярэдадні вечарам самалёт прызямліўся ў сталіцы і зараз прах знаходзіцца ў адным з праваслаўных храмаў. Астанкі перапахаваюць таксама на тэрыторыі Мінска, але пакуль невядома калі і дзе менавіта. Абмеркаванні праходзяць з міністэрствамі.

Фінансаванню для рэалізацыі перапахавання садзейнічаў ганаровы консул Беларусі ў Лазане Андрэй Нажэскін. Часткі надмагілля ў найбліжэйшы час даставяць у Музей гісторыі беларускай літаратуры. Таксама Міністэрства культуры абвесціць конкурс сярод скульптараў і мастакоў  на стварэнне новага помніка.