Журналісты National Geographic Israel распавядуць пра Беларусь на старонках прэстыжнага выдання

19 февраля 2019

У першую чаргу гасцей цікавіць развіццё агратурызму, міжкультурныя сувязі, гістарычная і архітэктурная спадчына. Сваімі ўражаннямі ізраільскія СМІ падзеляцца ў вялікім рэпартажы. Тур доўжыцца 5 дзён. Прадстаўнікі National Geographic ужо пабывалі ў мястэчку Моталь, дзе даведаліся пра традыцыю выпечкі каравая, адчулі нацыянальны каларыт у некалькіх аграсядзібах Мінскай і Брэсцкай абласцей, пазнаёміліся з мастацтвам ткацтва і разьбярства па дрэве. Таксама ў маршруце гасцей Брэсцкая крэпасць, Налібоцкая і Белавежская пушчы.

Дафна Шломіт Раз, галоўны рэдактар часопіса National Geographic Israel: "Вельмі многія ізраільцяне маюць беларускія карані і маглі б прыехаць на радзіму продкаў. Мы хочам паказаць, наколькі Беларусь адкрытая і гасцінная краіна. Нас усюды цёпла сустракаюць. Галоўнае тут - людзі, культура, гісторыя. І я, як вопытны падарожнік, магу ўявіць, як хораша ў вас летам".

Ёэль Мансфельд, эксперт па планаванні і даследаванні турызму, прафесар універсітэта Хайфы (Ізраіль): "У вашай краіне я ўжо чацвёрты раз. І здзіўлены, як развіваецца сельскі турызм: сядзібы, маршруты, кластары. Ініцыятыва людзей мяне здзіўляе. Як мне здаецца, у развіцці агратурызму тут вялікія перспектывы".

Наталля Міхальчук, галоўны спецыяліст упраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама: "Паміж Беларуссю і Ізраілем існуе бязвізавае пагадненне, якое адбілася станоўча на турыстычным патоку. Зараз прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі лаўкостаў з нашага брэсцкага аэрапорта. Мы спадзяёмся, што бюджэтныя ізраільскія авіялініі таксама прыйдуць на наш турыстычны рынак".

Летась турпаток з Ізраіля толькі ў Брэсцкую вобласць вырас у паўтара раза ў параўнанні з 2017.