Жывапісцу Барысу Аракчэеву сёння споўнілася б 90 гадоў

19 апреля 2016

Алоўкавыя замалёўкі, міні-копіі беларускіх абшараў, альбомы ранніх эскізаў і заданні па чарчэнні. Жывапісцу Барысу Аракчэеву сёння споўнілася б 90 гадоў. Да юбілею мэтра ў зале Купалаўскага музея адкрылі выставу. Больш дакладна - гэта вернісаж дынастыі Аракчэевых. Дзясятак карцін - з сямейнага фонду, а таксама партрэты, намаляваныя дачкой мастака. Жывапісны здабытак убачыла і Аляксандра Драгун.

Гэта другі - творчы дом мастака Барыса Аракчэева. Сёлета тры гады, як яго не стала, але ў майстэрні засталося ўсё так, як падчас жыцця аўтара. Атмасферу тут падтрымлівае малодшая дачка мэтра – Аксана Аракчэева. З трапятаннем ставіцца да сямейнага храма мастацтва.

За алоўкі і пэнзлі славутага сваяка бярэцца і самая малодшая ў сям'і - праўнучка мастака. Больш за паўвека тут захоўваюцца ў рамах міні-копіі беларускіх краявідаў і багатыя букеты бэзу. Дарэчы, кветкі на палатне быццам трохмерныя. Гэта характэрная рыса аракчэеўскага пэндзля – сакавіты мазок, фактурны жывапіс.

Сёння майстру споўнілася б 90 гадоў. Яго раннія эскізы, алоўкавыя замалёўкі і карціны з сямейнага архіва можна ўбачыць на выставе, прысвечанай юбілею аўтара.

З музеем класіка сям'ю Аракчэевых звязвае не толькі сяброўства – сам лёс. Тры гады таму, як і сёлета, у галерэі рыхтавалі чарговую выставу двух аўтараў – бацькі і дачкі. Барыс Аракчэеў маляваў тады Янку Купалу ў гады Вялікай Айчыннай, але не паспеў завяршыць карціну. У эскізным варыянце яна па сёння захоўваецца ў фондах музея.

Барыс Аракчэеў пісаў з натуры, таму часта выязджаў на прыроду. Для пленэраў выбіраў Крупскі раён. Краявіды менавіта гэтага месца вабілі мастака сваёй прыгажосцю і нагадвалі яго малую радзіму - вёску Турбанава, што ў Яраслаўскай вобласці.

Акрамя батальных карцін, яшчэ з дзясятак сваіх нацюрмортаў і пейзажаў прэзентаваў Крупскай зямлі. А летась гэтай галерэі прысвоілі імя Барыса Аракчэева. У мастацкай зале талентам мэтра натхняюцца юныя мастакі, а 5 мая тут пакажуць невядомага Аракчэева – карціны з сямейнага фонду мастака.