Жывапісец трох краін. Выстава Аляксандра Штурмана ў Нацыянальным мастацкім музеі

9 декабря 2018

Любімы сваім часам і забыты нашымі сучаснікамі. Пра мастака канца XIX - пачатку XX стагоддзя Аляксандра Штурмана гавораць яшчэ так: жывапісец трох краін. Ён нарадзіўся і атрымаў адукацыю ў Расіі, жыў і працаваў у Польшчы, апошнія гады правёў у Літве. Як адраджэнне гэтага імя -   выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі. Больш за 100 работ майстра даў Падляскі музей у Беластоку.


Горы Бахчысарая, вулачкі Венецыі і Рыма, палі Галандыі і Літвы. Дакладна невядома, ці ёсць у пейзажных нататках Штурмана беларускія краявіды, але гэта магчыма. Пецярбуржац па нараджэнні, у 26-гадовым узросце мастак паехаў жыць у Варшаву. Дакладна, яго шлях пралягаў праз нашы землі. Увогуле жыццё мастака не было аселым. Музу і аб'екты натхнення Штурман шукаў ледзь не па ўсім свеце.
Мастак-вандроўнік - першае, што ўзгадваюць пра Аляксандра Штурмана. У спісе падарожжаў майстра дзясяткі краін на Усходзе і Захадзе, большасць з іх Штурман прайшоў пешшу. У некаторыя вяртаўся зноў і зноў і пісаў, здавалася б, адзін і той жа краявід, але ў розныя поры года.
Выпускнік Адэскай школы малявальных мастацтваў, вучань Куінджы Пецярбургскай акадэміі, навучэнец школы Ашбэ ў Мюнхене. У сваім пісьме Штурман абагульніў рэалізм з імпрэсіянізмам. Актыўны экспанент выстаў: Расія, Еўропа, ЗША. Сябра Грабара, Кандзінскага і Рушчыца. Па запрашэнні, дарэчы, апошняга, Штурман не раз гасцяваў у беларускім маёнтку калегі Фердынанда і быў запрошаны ім на выкладчыцтва ў Акадэмію выяўленчага мастацтва і музыкі Вільна. Штурман пайшоў з жыцця ў ваенныя 40-я. Яго спадчына нібыта адышла ў нябыт. Работы былі перавезены з Літвы ў Польшчу і толькі ў пачатку XXI стагоддзя атрымалі магчымасць быць адроджанымі і нанова прадэманстраванымі гледачу.
Адноўленыя работы Штурмана першымі пабачылі ў Польшчы і Літве. Зараз экспазіцыя ў Беларусі. Наступнымі выставу сустрэнуць расійскія музеі.
Нацыянальны мастацкі музей рыхтуе новы праект з цыкла "Забытыя мастакі". Станіслаў Жукоўскі - ураджэнец ваўкавыскіх зямель, вучань Паленава і Левітана. Жывапісец, чыё імя і творчасць зноў жа звязвае краіны: Беларусь, Расію, Польшчу. Наш музей валодае 20 шэдэўрамі майстра і гатовы паказаць іх сумесна з творамі з запаснікаў замежных калег.