Жыхар Віцебска сабраў калекцыю рарытэтных гадзіннікаў

24 ноября 2016

Яны настольныя, кішэнныя або насценныя. За 30 гадоў жыхар Віцебска сабраў калекцыю рарытэтных гадзіннікаў. Прычым усе механізмы - нават тыя, якім больш за 100 гадоў, - паказваюць дакладны час. А яшчэ майстар уручную збірае эксклюзіўныя экзэмпляры - уявіце - паводле ўласных чарцяжоў.

Больш за трыццаць гадоў віцяблянін калекцыянуе ціканне і бой гадзіннікаў. Нават стары механізм, патрапіўшы ў рукі майстра, абавязкова ажывае. Настаўнік працоўнага навучання сабраў вялізную колькасць малюнкаў і ўласных чарцяжоў, здымкаў і тэкстаў. Можна сказаць, гатовая дапамога ў вырабе курантаў. Ёсць і ўнікальныя прылады. Такую ў ХІХ стагоддзі трымаў у руках кожны гадзіншчык.

Пра гадзіннікі майстар ведае ўсё. Нават навучыўся сам іх рабіць. Але больш шануе старое. Ганарыцца нямецкім вартавым гадзіннікам канца ХІХ стагоддзя з умацаванай унутр перфакартай. Ён дазваляў адсочваць гаспадару, наколькі добрасумленна нёс службу вартаўнік. Ёсць кішэнныя дарэвалюцыйныя гадзіннікі з гравіроўкай "Віцебск". А на руцэ калекцыянера просты, але надзейны айчынны механізм пачатку ХХ стагоддзя. Яго віцяблянін выменяў на швейцарскага аднагодка.

Часлаў Чарноўскі, калекцыянер: "Калі сталі з'яўляцца першыя тэлефонныя апараты і вось гэтыя вось кружочкі, пайшла мода на такія цыферблаты".

Хатняя калекцыя Часлава Чарноўскага налічвае больш за сотню экспанатаў. Упэўнены: гадзіннікі як аксесуар ніколі не выйдуць з моды. І нават у стагоддзе лічбавых тэхналогій на руцэ чалавека, які ўмее шанаваць свой час, секунды адлічвае механічны гадзіннік.