“Жыліцкі Версаль” прываблівае турыстаў

13 Студзеня 2018

У Кіраўскім раёне аднаўляюць адзін з найстарэйшых у Магілёўскай вобласці і самых прыгожых палацаў у Беларусі. “Жыліцкі Версаль” - так яго яшчэ называюць. Палацава-паркавы ансамбль некалькі стагоддзяў прываблівае турыстаў. Сёння ён пад маштабнай рэканструкцыяй. І ў будучыні па прыгажосці не саступіць Нясвіжскаму замку. У гэтым пераканаўся Андрэй Ястрабаў.

Гэтае месца ў аграгарадку Жылічы сапраўды прываблівае. Велізарны старажытны парк са сцежкамі для праменадаў, вадаёмамі. І галоўная яго славутасць - палац.

Калісьці радавы маёнтак Ігнація Булгака - прадстаўніка шляхты. У свой час ён быў маршалам Бабруйскага павета, галоўным сярод дваран. Дзякуючы яму у пачатку XIX стагоддзя і быў пабудаваны гэты палац.

Архітэктурны прыклад позняга класіцызму. Такі зварот да антычнага дойлідства - гармоніі, прастаты і… манументальнасці. Вось чаму палац так уражвае. Нашчадкі пана да рэвалюцыі з’ехалі ў Францыю. Потым тут размясціўся тэхнікум. Выявы будаўнікоў камунізму і дагэтуль на вітражах. Увесь час палац быў задзейнічаны. Мабыць, таму ў бальшасці і захаваўся.

Амаль нічога з асабістых рэчаў колішніх уладальнікаў палаца таксама не засталося. Аднак дзякуючы старым фотаздымкам уявіць, як выглядалі залы таго часу, магчыма. Паны калекцыянавалі карціны, зброю, рукапісныя кнігі, антыкварную мэблю. Цяперашняя маштабная рэканструкцыя адкрывае і новыя сакрэты.

За гады рэканструкцыі ўдалося аднавіць значную частку палаца, у якой цяпер набываюць музычныя веды юныя жыхары Жылічаў. Дарэчы, на іх ліку не адна перамога нават на міжнародных конкурсах. Праца ідзе і над галоўнымі заламі.

Уявіць, якім пасля рэканструкцыі будзе палац, таксама магчыма. Дзякуючы IT-тэхналогіям. Уразяць турыста і паўднёвы фасад, і галоўны. Будуць адноўлены і парк, і старажытная сажалка з альтанкамі на вадзе. За ходам рэканструкцыі сочаць нават у парламенце.

У будучыні, упэўнены куратары праекта, Жыліцкі палацава-паркавы комплекс будзе выглядаць нават яшчэ прыгажэйшым за сваю выяву на творы знакамітага мастака Напалеона Орды.


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя