Жэставым выкананнем раманса заваявала гледачоў фіналістка "Я магу!" Надзея Маркевіч

18 марта 2015

Як праспяваць песню без адзінага гука? А пра што - яна растлумачыць толькі рукамі? Дзяўчыне з Гродна гэта не проста ўдалося - Надзея Маркевіч з унікальным нумарам жэставага выканання ўразіла журы, заваявала сімпатыі тэлегледачоў і прайшла ў фінал народнага шоу "Я магу!". 

Як рэпеціруюць песні без слоў, і што трэба ведаць, каб "паказаць" песню на англійскай - Дзмітрый Смірноў пагутарыў з фіналісткай шоу.

Для чалавека неазнаёмленага такія рэпетыцыі выглядаюць вельмі незвычайна. Каб расспявацца, тут трэніруюць пальцы і плыўнасць руху рук. Справа ў тым, што глядач, для каго гэтыя нумары ставяць, амаль не чуе ні слоў, ні самой музыкі.

Надзея Маркевіч, фіналістка шоу "Я магу!": "Калі ў павольных песнях табе трэба дабіцца, каб рукі не апускаліся, іх трэба трымаць, думаць, дзе іх пакінуць, то ў хуткіх песнях наадварот - дабіцца выразнасці ў жэстах".

Першую песню на мове глухіх тут паставілі 30 гадоў таму. У той час на вяршыні хітпарада была "Мільён пунсовых руж". Тады ў 80-я арганізавалі нават гастролі гродзенскага калектыву па краінах СССР. Але цікава, што за ўвесь гэты час не было ніводнага выканання замежнага шлягера. Падрыхтаваць нумар на жэставай мове нават з песняй на рускай - займае не адну гадзіну. Развучваць песню, напрыклад, на англійскай яшчэ больш складана.

Святлана Корабава, перакладчык жэставай мовы: "Глухія не ведаюць замежных моў і толькі ў тым выпадку можна гэтую песню паставіць, калі яны проста вывучаць даслоўна, а пераклад на рускую мову будзе. Гэта значыць жэставая мова не толькі руская - ёсць англійская".

Адзіны спосаб - і артысту, і гледачам вывучыць міжнародную жэставую мову. Гэта свайго роду аналаг эсперанта для тых, хто размаўляе. Але нават пры гэтым уменні навучыцца спяваць рукамі няпроста.

Адаптацыя папулярнай песні для жэставага выканання займае звычайна некалькі гадзін, і складанасць у першую чаргу ў тым, што перадаць тыя эпітэты. Метафары, якія прыдумаў паэт, вельмі цяжка.

Намаляваць літаральна "на пальцах" фразу "каханне скрозь адлегласць" складана. Жэставая мова вельмі канкрэтная ў фармуліроўках.

Святлана Корабава, перакладчык жэставай мовы: "Акрамя жэставай мовы ідзе эмоцыя на твары. Гэта артыкуляцыя, гэта трэба перадаць менавіта сваім выразам твару, сваім рухам".

І тым не менш, Надзеі Маркевіч, здаецца, удалося рукамі перадаць і эмоцыі, і метафары. Са сваім нумарам дзяўчына выйшла ў фінал шоу "Я магу!", якое ўжо даўно стала папулярным і не толькі ў Беларусі. Больш як 12 тысяч праглядаў на сайце Белтэлерадыёкампаніі за тыдзень. Галасы за фіналістаў прыходзілі з Мінска, Бабруйска, Віцебска, Гомеля. А таксама Масквы, Санкт-Пецярбурга, Осла і горада Бордман у штаце Арэгон.

Зоя Варанко, дырэктар Дома культуры УП "Колерліт": "Калі ўжо падвялі вынікі, мне патэлефанавалі вельмі шмат людзей і сказалі, якая ваша Надзея малайчына. Мы вельмі ганарымся Надзяй. Галасавалі ўсе сваякі, усе працаўнікі прадпрыемства".

Фіналіста шоу "Я магу!" назавуць ужо ў красавіку. Яго вызначаць гледачы.