ЗЕНА: У мяне выдатны настрой, я на 100 працэнтаў гатовая да фіналу

17 Мая 2019

Менш за гадзіну застаецца да пачатку генеральнай рэпетыцыі фіналу "Еўрабачання". Гэтыя выступленні 26 удзельнікаў конкурсу будзе ацэньваць нацыянальнае журы кожнай з краін. А ўжо заўтра падчас прамога эфіру свае балы выставяць тэлегледачы з дапамогай тэлефоннага або СМС-галасавання. У букмекераў па-ранейшаму лідзіруюць Нідэрланды, Швейцарыя, Іспанія і Швецыя, а таксама Расія. Пра сваю гатовасць і настрой распавяла і беларуская ўдзельніца. ЗЕНА выйдзе на сцэну з песняй "LIKE IT" пад 19-м нумарам.

ЗЕНА, прадстаўніца Беларусі на "Еўрабачанні-2019": "У мяне выдатны настрой. Я на 100 працэнтаў гатовая да фіналу. Гатовая разарваць сцэну. І спадзяюся ўвайсці ў топ".

Віктар Дробыш, заслужаны артыст Расіі, музычны прадзюсар: "У нас толькі адна думка - як зрабіць так, каб увесь свет убачыў, якая маладая і прыгожая беларуская дзяўчынка выступае на гэтым Еўра. Наша сіла ў маладосці і шчасці. Шмат стандартных тужлівых балад".

Нагадаем, што заўтра трансляваць фінал "Еўрабачання" будуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Каментаваць шоу будзе мой калега Яўген Перлін. Таксама ў "Інстаграме" будуць весціся прамыя эфіры з каментатарскай кабінкі, з грымёрак артыстаў проста перад іх выхадам на сцэну.