ЗЕНА на шляху на "Еўрабачанне"

3 мая 2019

Літаральна гадзіну таму наша прадстаўніца на міжнародным конкурсе песні вылецела з Нацыянальнага аэрапорта Мінск у Тэль-Авіў. Менавіта там сёлета пройдзе найбуйнейшы песенны форум у Еўропе. У саставе афіцыйнай беларускай дэлегацыі больш як 20 чалавек. Гэта крэатыўная каманда - харэографы, педагог па вакале, рэжысёр-пастаноўшчык шоу, бэк-вакал і балет, стылісты, а таксама супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі, якія будуць сачыць за падрыхтоўкай спявачкі да музычнага форуму ў эфіры адразу двух тэлеканалаў краіны - "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Каманда сёлета атрымалася інтэрнацыянальнай. Частка дэлегацыі вылецела з Мінска, другая - з Масквы, а трэцяя - з Кіева. Еўрадэлегацыя ўз'яднаецца ўжо ў Тэль-Авіве. Першая спроба конкурснай сцэны адбудзецца ўжо заўтра - у ЗЕНЫ першая рэпетыцыя на галоўнай пляцоўцы конкурсу ў Expo Tel Aviv. Там жа стануць вядомыя падрабязнасці яе нумара. Нагадаем, Беларусь выступіць пад нумарам 8 у першым паўфінале шоу 14 мая. За кожным крокам спявачкі можна будзе сачыць у "Дзённіках “Еўрабачання", а таксама ў выпусках навін.