Эксклюзіўна на Беларусь 1. Ужо заўтра ў вячэрнім прайм-тайме - у 21:00 - пачнецца прамая трансляцыя конкурсу маладых танцораў Еўрабачанне-2013. 10 удзельнікаў з 10 краін, сярод якіх і наша Яна Штангей, выйдуць на сцэну Балтыйскай оперы ў польскім Гданьску. Для Беларусі гэта дэбютны ўдзел у танцавальным спаборніцтве, якое праводзіцца з 1985 года.
Алена Борматава аб настроях нашай дэлегацыі за суткі да гадзіны Х. Беларусь на міжнародным танцавальным конкурсе прадстаўляе 18-гадовая выпускніца харэаграфічнага каледжа Яна Штангей - ураджэнка Украіны, якая выбрала Беларусь для танцавальнай адукацыі. Сёння Штангей у якасці стажоркі выходзіць на сцэну Вялікага тэатра Беларусі.
Упершыню наша акадэмічная школа танца прадстаўлена на міжнароднай арэне танцавальных спаборніцтваў. У групе падтрымкі нашай удзельніцы - народная артыстка Беларусі, педагог Яны Клара Малышава. У фінальным шоу, якое ў прамым эфіры пакажа Беларусь 1, Штангей станцуе другой, адразу пасля Арменіі. Дарэчы, і Арменія, як і Беларусь, дэбютанты танцавальнага конкурсу. Конкурс маладых танцораў Еўрабачанне праходзіць раз на два гады. Упершыню яго ладзілі ў Італіі ў 1985-м. Некаторы час спаборніцтвы не праводзіліся. Зараз маладых танцораў прымае Гданьск. Польшча абраная таму, што менавіта гэта краіна ў 2008-м перамагла ў танцавальным першынстве.
Яна Штангей, прадстаўніца Беларусі на конкурсе маладых танцораў Еўрабачанне-2013: Конкурсная варыяцыя з характарам. Трэба ўнесці туды нейкую сваю адметнасць, кожны танцуе яе па-свойму. Хтосьці палымяны, хтосьці больш далікатны.
10 удзельнікаў з 10 краін Еўропы. Парадак іх выхаду на сцэну Балтыйскага опернага тэатра ў Гданьску - менавіта там ладзіцца танцавальны конкурс - вызначалі харэографы калектыву Балет Бойз. Яны на працягу тыдня ставілі групавы танец з удзельнікамі танцавальнага турніру. Зацвярджаў нумарацыю выхаду на сцэну наглядальны савет Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.
Клара Малышава, педагог Яны Штангей, народная артыстка Беларусі, заслужаная артыстка Расіі: Беларусы могуць узяць сваім выкананнем, сваёй шчырасцю і тэхнікай. Павінны ўзяць смеласцю, тэхнікай і вывучкай. А суддзі-та хто? Прафесіяналы. Таму і будуць патрабаваць прафесіяналізму.
Паводле ўмоў міжнароднага конкурсу, узрост удзельнікаў ад 16 да 21 года. Сольны нумар не павінен быць даўжэйшым за адну хвіліну трыццаць секунд. Яна Штангей сольна прапануе варыяцыю Эсмеральды з аднайменнага балета. Наша дэлегацыя ў Польшчы ўжо тыдзень. Сёння там прайшла генеральная рэпетыцыя. Беларуская танцоўшчыца рыхтуецца да фіналу. Дарэчы, наша Яна Штангей у лідарах прадстаўнікоў замежных СМІ. Яе фота і інтэрв'ю з'яўляюцца ў многіх еўрапейскіх інфармацыйных стужках.














