23 лiстапада на афіцыйным сайце дзіцячага "Еўрабачання" стартуе анлайн-галасаванне

22 ноября 2018

Падрыхтоўка да фіналу дзіцячага "Еўрабачання" праходзіць у рэжыме нон-стоп. Стаць часткай яркай падзеі можа кожны і аддаць свой голас за ўдзельніка. Заўтра на афіцыйным сайце дзіцячага "Еўрабачання" www.junioreurovision.tv стартуе анлайн-галасаванне. Там можна праслухаць кампазіцыі ўсіх 20 канкурсантаў, выбраць топ-5 і запаліць свайго пераможца. Ну, а для тых, хто ўсё яшчэ марыць убачыць шоу ўжывую, яшчэ засталося некалькі дадатковых білетаў на танцпляцоўку на генеральны прагон 24 лістапада. Пераможцу ў фінале вызначыць традыцыйнае галасаванне гледачоў і журы. Якой будзе еўравізійная арыфметыка гэтага года, разбіралася Лідзія Заблоцкая.

У каго ў руках акажацца хрустальны мікрафон і хто выканае сваю песню на біс - гэта вырашаць журы і гледачы. Галасаванне - традыцыйная кульмінацыя Міжнароднага дзіцячага песеннага форуму.

Яшчэ некалькі гадоў таму мы адпраўлялі шматлікія СМС на доўгія нумары. Сёння арганізатары значна спрасцілі працэс. Ніякіх перагружаных ліній. Дастаткова адкрыць афіцыйны сайт конкурсу на любым гаджэце ў любым пункце свету. Разбяромся пакрокава.

Крок першы. Прагаласаваць зможам ужо заўтра вечарам. Крок другі. Пасля папярэдняга прагляду відэа з канкурсантамі фарміруем свой топ. Мінімум тры і максімум пяць песень. Адзначаем фота ўпадабаных удзельнікаў, і сістэма ўлічвае фаварытаў.

Галасаванне будзе закрыта перад пачаткам шоу. Другая хваля захопіць гледачоў адразу пасля выступлення ўсіх канкурсантаў. Але толькі на 15 хвілін.

Летась сістэма дала збой – вельмі шмат людзей захацелі прагаласаваць за ўпадабанага артыста. Сёння ўсе памылкі ўлічаныя.

Ён Ола Санд, супервайзер Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018":

"Сістэма галасавання праз Інтэрнэт летась была ўкаранёная ўпершыню. І тады мы прынялі больш за 300 тысяч віртуальных галасоў. Гэта быў вялікі поспех. Але на гэты раз мы хочам зрабіць сістэму галасавання больш дасканалай. У нас усё гатова". 

Далей справа за еўравізійнай арыфметыкай. Галасы з усёй неабсяжнай інтэрнэт-прасторы падсумоўваюцца і размяркоўваюцца на кожную песню.

Томас Нідэрмеер, супервайзер па галасаванні Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018":

"Сусветная аўдыторыя аддасць удзельнікам 1 160 балаў. Іх мы будзем размяркоўваць на канкурсантаў у працэнтных суадносінах. Напрыклад, калі за якую-небудзь краіну прагаласавала 20 працэнтаў гледачоў, то яна атрымае 232 балы, калі 5 працэнтаў, то 58 балаў".

І ўсё гэта 50 працэнтаў поспеху песні. Астатнія 50 - за нацыянальным журы. У кожным складзе тры эксперты і двое дзяцей. Яны ацэньваюць еўравізійныя нумары падчас генеральнай рэпетыцыі. Запаветныя 12 балаў ад краіны аб'явяць вяшчальнікі.

Убачыць першыя эмоцыі трыумфатара мы зможам прама з грын-рума. Але да раскрыцця інтрыгі падыдзем крок за крокам. Якая краіна набрала самую вялікую колькасць балаў ад аўдыторыі, аб'явяць у самім фінале. Ставім таймер на заўтра і пачынаем запальваць пераможца.